Навіны

Апеляцыйны суд адмовіў праваабаронцу

Працяг гісторыі з аспрэчваннем рашэння бярозаўскай падаткавай

Сяржук Русецкі. Крыніца фота: Радыё Рацыя

Бярозаўскі праваабаронца Сяржук Русецкі не змог аспрэчыць рашэнне Бярозаўскага суда ў Берасцейскім абласным судзе. Русецкі прасіў:
  • адмяніць рашэнне ад 14.10.2022 суда Бярозаўскага раёна і вынесці новае рашэнне аб адмене рашэння ІМПЗ па Бярозаўскім раёне па акце камеральнай праверкі;
  • вынесці прыватнае вызначэнне за дапушчаныя парушэнні на адрас ІМПЗ па Бярозаўскім раёне і суддзі суда Бярозаўскага раёна Наталлі Вакульчык.

З-за чаго ўсё пачалося
Бярозаўская падаткавая налічыла нібыта несплачаныя падаткі і пеню па копіях дакументаў са Следчага камітэту. СК, у сваю чаргу, атрымаў дакументы ў выніку вобшукаў па справе ПЦ «Вясна». Але ж Русецкі даводзіць у скаргах у дзяржворганы, што на частцы дакументаў неабходных подпісаў проста няма, на яшчэ частцы яны несапраўдныя. Акрамя таго, дакументы не прайшлі праверку судом на дапушчальнасць.

Русецкі аспрэчвае праз суд незаконнае налічэнне яму падаткаў па паперах, якія не маюць юрыдычнай сілы. Ён сыходзіў з таго, што налічэнне яму падаткаў па копіях (з копій) са следчага камітэта не мае юрыдычнай сілы. Ён звярнуў увагу суда на апошні сказ арт.27 Канстытуцыі, якая мае вышэйшую юрыдычную сілу. Сказ, які неабгрунтавана праігнаравалі суд і ІМПЗ, і які імператыўна ўстанавіў, што: «Доказы, атрыманыя з парушэннем закона, не маюць юрыдычнай сілы». Адпаведна, доказы, атрыманыя з парушэннем закону, ні ў якім разе не могуць выкарыстоўвацца ў якасці падставаў для вынясення любых заключэнняў і рашэнняў. Гэтыя дакументы ўзяты з крымінальнай справы. І не могуць быць разгледжаны Інспекцыяй па падатках і зборах, пакуль не адбудзецца суд па ўзбуджанай крымінальнай справе. Цяпер крымінальная справа наогул закрыта. То-бок, дакументы, атрыманыя з парушэннямі, не маюць юрыдычнай сілы, пры тым, яны не прайшлі судовую праверку на прадмет дапушчальнасці, адпаведнасці рэчаіснасці і адноснасці. А цяпер і не могуць прайсці праз судовую праверку, паколькі справа закрыта. Адсюль вынікае, што справа Русецкага па налічэнні падаткаў і пеня за несвоечасовую сплату па гэтых дакументах павінна быць спынена.

Але Берасцейскі абласны суд 8 снежня 2022 года падтрымаў сваіх калег з Бярозаўскага суда: «Судовая калегія не ўгледзела падстаў для адмены рашэння суда Бярозаўскага раёна, таму рашэнне суда пакінуць без змены, а апеляцыйную скаргу без задавальнення».
Made on
Tilda