Суд Бярозаўскага раёна адмовіў мясцоваму праваабаронцу Сяржуку Русецкаму ў задавальненні скаргі. Русецкі прасіў прызнаць рашэнне Бярозаўскай падаткавай інспекцыі незаконным і адмяніць.
Справа ў тым, што Бярозаўская падаткавая налічыла нібы несплачаныя падаткі і пеню на іх па копіях дакументаў з несапраўднымі подпісямі або іх адсутнасцю ў межах крымінальнай справы супраць праваабарончага цэнтра «Вясна». На што Русецкі ўказаў суду. Тым не менш і падаткавая, і суд адзінадушна прызналі такія дакументы сапраўднымі. Хадайніцтва праваабаронцы аб правядзенні экспертызы подпісаў суд адмовіў. Такое стаўленне і суда, і падаткавай да несапраўдных дакументаў выклікана тым, што гэтыя дакументы дасланы ў падаткавую са Следчага камітэта.
Паводле праваабаронцы Барыса Бухеля, які дапамагае Сяржуку Русецкаму, суд вынес яўна незаконнае рашэнне ў парушэнне арт. 27 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, дзе сказана, што «доказы, атрыманыя з парушэннем закону, не маюць юрыдычнай сілы».
Асабліва звяртаюць на сябе ўвагу довады прадстаўніка падаткавай інспекцыі, спасылаючыся на ч.1 арт.193 ГПК, якая ўстанавіла прэзумпцыю сапраўднасці дакументаў, выданымі дзяржаўнымі кампетэнтнымі органамі. І на гэтай аснове адмаўляецца падвяргаць іх сапраўднасць сумневу і адхіляць іх як доказ. Такая пазіцыя была б правамернай, калі б гэтая інфармацыя была прадстаўлена з Следчага камітэта толькі ў выглядзе даведкі без прыкладзеных дакументаў. Але СК прыклаў дакументы, якія не маюць юрыдычнай сілы. Але Бярозаўскі суд і падаткавая не жадаюць бачыць відавочнае парушэнне закону. Таму можна з упэўненасцю лічыць, што старшыня суда Бярозаўскага раёна Наталля Вакульчык вынесла рашэнне на аснове перадузятых здагадак.
Таму Сяржук Русецкі будзе аспрэчваць рашэнне Бярозаўскага суда, вынесенае 14 кастрычніка 2022 года. Акрамя гэтага праваабаронца падрыхтаваў шэраг скаргаў у падаткавую инспекцыю і Следчы камітэт.