Навіны

Бярозаўскі праваабаронца далей судзіцца з падаткавай

Раённы суд не знайшоў парушэнняў, далей скарга накіравана ў абласны суд

раваабаронца Сяржук Русецкі (Бяроза)

28 кастрычніка 2022 года бярозаўскі праваабаронца Сяржук Русецкі падаў у Берасцейскі абласны суд скаргу на рашэнне суда Бярозаўскага раёна. Нагадаем, раённы суд адмовіў Русецкаму ў грамадзянскай справе да Бярозаўскай падаткавай інспекцыі па акту камеральнай праверкі ІМПЗ па Бярозаўскім раёне. Зараз праваабаронца будзе чакаць рашэнне абласнога суда.

Суддзя Наталля Вакульчык вынесла рашэнне па адмове на аснове паказаных здагадак, што забаронена дзейным заканадаўствам, кажа Сяржук Русецкі:
Суддзя Бярозаўскага раёна Наталля Вакульчык ў сваім рашэнні фактычна зрабіла падмену паняццяў. А менавіта — пакладзеныя ў падмурак гэтага рашэння довады і факты, а таксама спасылкі на прававыя нормы з Грамадзянска-працэсуальнага кодэкса і Падатковага кодэкса, указаныя ў яго матывіровачнай частцы, не маюць дачынення да маіх довадаў і фактаў, указаных у маёй скарзе ў суд, бо довады і факты суда ніяк не абвяргаюць і не пацвярджаюць мае довады і факты.
Акрамя таго ў падмурак свайго рашэння яна паклала частку копій дакументаў, арыгіналы якіх, як відаць з іх копій, відавочна не маюць юрыдычнай сілы з прычыны адсутнасці ў іх неабходных рэквізітаў, якія надзяляюць гэтыя дакументы юрыдычнай сілай, або яны ўвогуле не адпавядаюць рэчаіснасці.
А менавіта — судом не дадзена канкрэтная аргументаваная прававая ацэнка наступным маім довадам і фактам.
Судом не ўстаноўлена, адкуль былі атрыманыя даходы і крыніцы іх паступлення.
Таксама суд неабгрунтавана і незаконна не прыняў да ўвагі мае довады аб тым, што пяць арыгіналаў дакументаў, копіі якіх ІМПЗ і суд незаконна паклалі ў падмурак сваіх рашэнняў, увогуле не маюць юрыдычнай сілы, паколькі ў іх адсутнічае частка неабходных рэквізітаў, якія надзяляюць іх гэтай сілай, ці яны не адпавядаюць рэчаіснасці. А менавіта:
Два дакументы — нейкі дагавор на 660 еўра і акт прыёмкі выкананых работ на 660 еўра з подпісамі, падобнымі на маю, але без подпісаў заказчыка.
Таксама копія незапоўненага касавага ордэра ад 2017.12.31 з нейкімі сумамі ў 355,68 і 154,65 еўра, на якім увогуле адсутнічаюць уласнаручныя запісы сум і чые-небудзь подпісы.
Таксама дзве распіскі ад майго імя — дагавор падраду прыёмкі выкананых работ на 950 долараў, але на якіх відавочна без усялякіх экспертыз бачна, што стаяць не мае подпісы. Аднак у дадзеным выпадку суд неабгрунтавана і незаконна адмовіў мне ў хадайніцтве ў правядзенні судовай графалагічнай экспертызы.
Нехта нешта рыхтаваў, але да мяне гэтыя дакументы не дайшлі ці не былі ўжытыя. Аднак падатковая інспекцыя і суд гэтыя дакументы, якія не маюць юрыдычнай сілы, незаконна прынялі да ўвагі і тым самым незаконна істотна павялічылі сумы налічаных падаткаў.
Гэтая акалічнасць, на маю думку, сведчыць, што прадстаўнік падаткавай і суддзя для сябе дзеляць свае веды на зручныя-нязручныя, выгадныя-нявыгадныя, небяспечныя-бяспечныя.
Пасля складання ў ІМПЗ акта камеральнай праверкі ад 03.03.2022 г. мне было адмоўлена ў азнаямленні з матэрыяламі, якія сталіся падставаю для яе правядзення. І азнаёміцца з імі я змог пасля скаргаў і ўжо пасля прыняцця рашэння ІМПЗ па Бярозаўскім раёне ад 23.08.2022 г.
І пры гэтым суддзя суда Бярозаўскага раёна Наталля Вакульчык ў сваім рашэнні ад 14.10.2022 наўмысна сказіла маю пазіцыю, дзе я казаў, што на 5 дакументах подпісы не мае. Яна напісала, «на спрэчных 5 дакументах подпіс падобны на той подпіс, якім ён распісваецца».

Паводле Сяржука Русецкага, копіі дакументаў, па якіх быў складзены акт камеральнай праверкі, падаткавая атрымала ад Упраўлення Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Берасцейскай вобласці ў рамках крымінальнай справы, якая не прайшла праз судовае рашэнне на прадмет дапушчальнасці, адпаведнасці рэчаіснасці і адноснасці.
Пакуль судом не будзе вынесены вырак па крымінальнай справе, у межах якой была здабытая названая інфармацыя, якая паступіла ў падаткавую, падаткавая інспекцыя не мела і не мае права складаць акт камеральнай праверкі і тым больш выносіць па яму рашэнне.

Сяржук Русецкі просіць абласны суд адмяніць рашэнне суда Бярозаўскага раёна. Паколькі ў адпаведнасці з другім сказам арт.27 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, «доказы атрыманыя з парушэннем закона, не маюць юрыдычнай сілы». Просіць вынесці новае рашэнне аб адмене рашэння ІМПЗ у дачыненні да яго, вынесці прыватнае вызначэнне за дапушчаныя парушэнні на адрас ІМПЗ па Бярозаўскім раёне і суддзі суда Бярозаўскага раёна Наталлі Вакульчык.
Made on
Tilda