Навіны

Палітвязня Юру Касцюка пачнуць судзіць 10 студзеня

Гэта будзе ўжо другі палітычна матываваны суд над хлопцам

Юрый Касцюк падчас першага суду, у лістападзе 2020 года

Як вынікае з раскладу судоў, 10 студзеня 2023 года новую справу супраць палітвязня Юрыя Касцюка будзе разглядаць Берасцейскі абласны суд ў асобе суддзі Святланы Крэмянеўскай.

Нагадаем, што палітвязню прад'яўлены абвінавачванні па арт.361-4 (Садзейнічанне экстрэміскай дзейнасці). Падставай пракуратура назвала тое, што Юрый дапамагаў іншым палітвязням: папрасіў знаёмых адкрыць польскую банкаўскую картку, куды атрымліваў грошы, якія пасля накіроўваў сваякам палітвязняў. Грошы на дапамогу атрымліваў ад «арганізацый, якія пазіцыянавалі сабе як праваабарончыя».

Суду Юрый Касцюк чакае пад вартай. Раней па запыце беларускіх сілавікоў ён быў затрыманы ў Сочы (Расея). З 15 траўня 2022 ўтрымліваўся ў расейскіх следчых ізалятарах. Расейскія праваабаронцы прызнавалі Касцюка палітвязнем. Генпракуратура Расеі вынесла рашэнне аб адмове ў выдачы Юрыя беларусім уладам, але ж у сярэдзіне кастрычніка 2022 года яго таемна і гвалтоўна вывезлі ў Беларусь. Цяпер Юра пад вартай ужо ў беларускіх ізалятарах.

Касцюка ўжо аднойчы судзілі па палітычнай справе: у лістападзе 2020 года хлопца асудзілі за сарваны дзяржаўны беларускі сцяг. За гэтае прызначылі 1 год «хіміі» (абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову), беларуская праваабарончая супольнасць прызнала прысуд палітычна матываваным. Напрыканцы тэрміна Юрыю ўзмацнілі пакаранне ды перавялі ў калонію. Ён цалкам адбыў тэрмін за сцяг ды выйшаў на волю 6 студзеня 2022. Новы пераслед здарыўся ўжо праз месяц, калі ў сярэдзіне лютага-2022 Юрыя затрымалі, далі адміністрацыйны арышт. Пасля гэтага Юрый вырашыў пакінуць Беларусь, але ж далёка з'ехаць не паспеў: яго абвясцілі ў міжнародны вышук. Падставай для вышуку стала новая крымінальная справа, цяпер за дапамогу палітвязням (што кваліфікавалі па арт.361-4 КК РБ). Гэтая справа набліжаецца да судовага разгляду.
Made on
Tilda