Як стала вядома берасцейскай «Вясне», Юру Касцюка ў сярэдзіне снежня перавялі з баранавіцкага СІЗА №6 у берасцейскі следчы ізалятар.
Меркавана, у наступным месяцы ўжо адбудзецца суд над хлопцам.
Нагадаем, што палітвязню прад'яўлены абвінавачванні па арт.361-4 (Садзейнічанне экстрэміскай дзейнасці). Падставай, паводле пракуратуры, стала тое з 27.01.2021 да 03.02.2022 Касцюк дасылаў «праваабарончым арганізацыям за мяжой» прысуды іншых палітвязняў, і пасля атрымліваў грашовыя пераводы на адкрытую яго знаёмымі польскую картку. Потым гэтыя грошы накіроўваў сваякам палітвязняў.
Суду Юрый Касцюк чакае пад вартай. Раней па запыце беларускіх сілавікоў ён быў затрыманы ў Сочы (Расея). З 15 траўня 2022 ўтрымліваўся ў расейскіх следчых ізалятарах. Расейскія праваабаронцы прызнавалі Касцюка палітвязнем. Генпракуратура Расеі вынесла рашэнне аб адмове ў выдачы Юрыя беларусім уладам, але ж у сярэдзіне кастрычніка 2022 года яго таемна і гвалтоўна вывезлі ў Беларусь. Цяпер Юра пад вартай ужо ў беларускіх ізалятарах.
Касцюка ўжо аднойчы судзілі па палітычнай справе: у лістападзе 2020 года хлопца асудзілі за сарваны дзяржаўны беларускі сцяг. За гэтае прызначылі 1 год «хіміі» (абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову), беларуская праваабарончая супольнасць прызнала прысуд палітычна матываваным. Напрыканцы тэрміна Юрыю ўзмацнілі пакаранне ды перавялі ў калонію. Ён цалкам адбыў тэрмін за сцяг ды выйшаў на волю 6 студзеня 2022. Новы пераслед здарыўся ўжо праз месяц, калі ў сярэдзіне лютага-2022 Юрыя затрымалі, далі адміністрацыйны арышт. Пасля гэтага Юрый вырашыў пакінуць Беларусь, але ж далёка з'ехаць не паспеў: яго абвясцілі ў міжнародны вышук. Падставай для вышуку стала новая крымінальная справа, цяпер за дапамогу палітвязням (што кваліфікавалі па арт.361-4 КК РБ). Гэтая справа набліжаецца да судовага разгляду.