Навіны

Былога палітвязня Юрыя Касцюка ўсё ж такі вывезлі з Расеі ў Беларусь

Хаця Генпракуратура Расеі адмовіла ў выдачы хлопца беларускім уладам

Юрый Касцюк

Як стала вядома «Вясне» 17 кастрычніка 2022 года, Юрыя Касцюка ўсё ж такі вывезлі з Расеі ў Беларусь. Зараз ён знаходзіцца ў ІЧУ горада Пружаны. Нагадаем, што хлопца затрымалі ў траўні 2022 года ў аэрапорце Сочы, калі ён спрабаваў выехаць у іншую краіну. Потым яго трымалі пад вартай у расейскіх ізалятарах, разглядваючы запыт беларускіх следчых аб выдачы.

Вядома, што Генеральная пракуратура Расеі ў канцы верасня 2022 года выдала пастанову: адмовіць у выдачы беларускім уладам, паколькі ў дзеяннях Касцюка няма складу злачынства па расейскіх законах. Але ж нягледзячы на гэтае, 13 кастрычніка 2022 Юрыя пад канвоем спрабавалі пасадзіць на самалёт, які б вывез яго ў Беларусь. Каб не дапусціць гэтага, Юрый спрабаваў нашкодзіць сабе, пасля чаго яго забралі медыкі. Але ж у хуткім часе яго змясцілі ў ЦЧУІГ (цэнтра часовага ўтрымання іншаземных грамадзян).

15 кастрычніка стала вядома, што Касцюк знік. Яго з ЦЧУІГ вывезлі прыставы ў невядомым накірунку, адвакату не прадстаўлялі папераў і не паведамлялі пра месцазнаходжанне Юрыя. А 17.10.2022 высветлілася, што хлопец ужо у Беларусі, у пружанскім ізалятары.

Гэта будзе ўжо другая крымінальная справа на Юру ў Беларусі. Да гэтага ён адбыў тэрмін за «знявагу дзяржаўных сімвалаў» (артыкул 370 Крымінальнага кодэкса). Ён цалкам адбыў тое пакаранне і 6 лютага 2022 года выйшаў на волю. Новая крымінальная справа ўзбуджана за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса РБ).
Made on
Tilda