Пра людзей

У Сусветны дзень дзяцей узгадваем жыхароў Берасцейшчыны, якім споўнілася 18 год у няволі


20 лістапада штогод адзначаецца Сусветны дзень дзяцей, прысвечаны прыняццю важнага дакумента — Канвенцыі аб правах дзяцей.


Канвенцыя аб правах дзяцей (КПР) атрымала самае шырокае міжнароднае прызнанне з усіх дакументаў па правах чалавека: яе ратыфікавалі амаль усе краіны свету. Канвенцыя аб'ядноўвае ўвесь спектр правоў чалавека — грамадзянскіх, палітычных, эканамічных, сацыяльных і культурных правоў — якія адносяцца да дзяцей у адным дакуменце.


8 падлеткаў Берасцейшчыны былі непаўналетнімі, калі іх затрымалі за акцыі пратэсту пасля выбараў у 2020 годзе. Усім ім прысудзілі па 3 гады калоніі. Шасцёра з іх на дадзены момант уключаны ў «Спіс экстрэмістаў».

Максім Шатохін, 18 гадоў


Максім Шатохін — жыхар Берасця. У жніўні 2020 года яму было 16 гадоў. За падзеі 10 жніўня 2020 ў Берасці супраць хлопца распачалі крымінальную справу аб масавых беспарадках (ч.2 арт.293 Крымінальнага кодэксу).


Да суда ён знаходзіўся пад падпіскай аб нявыездзе. На судовым працэсе 19 ліпеня 2021 года мера стрымання была зменена, і Максіма змясцілі ў СІЗА.


У жніўні 2021 суддзя Святаслаў Каліна пакараў Максіма Шатохіна трыма гадамі пазбаўлення волі. Хлопец адбываў пакаранне ў выхаваўчай калоніі №2.


Чытайце далей:

У верасні 2022 года Максіма па памілаванні перавялі на «хатнюю хімію» (абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу). Такім чынам ён першы з нашай падборкі, хто стаў былым палітычным зняволеным.


Эдуард Кудынюк, 18 гадоў


Эдуард Кудынюк (на момант затрымання 17 гадоў) — берасцеец, непаўналетнім асуджаны судом Ленінскага раёна Берасця на тры гады выхаваўчай калоніі па артыкуле аб удзеле ў масавых беспарадках (ч.2 арт.293 Крымінальнага кодэксу). Прысуд атрымаў праз тую ж акцыю пратэсту, якая адбылася 10.08.2020 у Берасці.

Адрас для лістоў: Выхаваўчая калонія № 2. 213807, г. Бабруйск, вул. Генерала Батава, 4. Эдуард Мікалаевіч Кудынюк

Аляксандр Вінярскі, 19 гадоў


Аляксандр Вінярскі (на момант затрымання 17 гадоў) — берасцеец, асуджаны на тры гады выхаваўчай калоніі па артыкуле аб удзеле ў масавых беспарадках (ч.2 арт.293 Крымінальнага кодэксу). На момант затрымання і вынясення прысуду было толькі 17 гадоў. Разам з ім былі асуджаны яшчэ 12 чалавек.

У сакавіку 2022 года быў уключаны ў так званы «Спіс экстрэмістаў» (афіцыйна: «Пералік асобаў, якія датычныя да экстрэмісцкай дзейнасці»).


Адрас для лістоў: Выхаваўчая калонія № 2. 213807, г. Бабруйск, вул. Генерала Батава, 4, Аляксандр Андрэевіч Вінярскі

Сяргей Гацкевіч, 18 гадоў


Сяргей Гацкевіч (на момант затрымання 17 гадоў) — навучаўся у 11 класе ў Берасці на момант вынясення прысуду. Асуджаны праз тую ж акцыю пратэсту, якая адбылася 10.08.2020 у Берасці. Да суда Сяргей знаходзіўся на волі пад наглядам.


10 сакавіка 2021 года ў судзе Маскоўскага раёна Брэста Сяргею і яшчэ 8 іншым фігурантам гэтай крымінальнай справы вынеслі прысуды. Сяргей атрымаў тры гады пазбаўлення волі ў выхаваўчай калоніі. У лістападзе 2022 года быў уключаны ў «Спіс экстрэмістаў».


Адрас для лістоў: Выхаваўчая калонія № 2. 213807, г. Бабруйск, вул. Генерала Батава, 4. Сяргей Сяргеевіч Гацкевіч.

Дзяніс Хазей, 19 гадоў


Дзяніс Хазей — на момант затрымання навучаўся на другім курсе каледжа ў горадзе Высокае (Камянецкі раён). За акцыю пратэсту 10.08.2020 ў Берасці супраць хлопца ўзбудзілі крымінальную справу аб масавых беспарадках (ч.2 арт.293 Крымінальнага кодэксу). Да суда Дзяніс знаходзіўся на волі пад наглядам.


10 сакавіка ў судзе Маскоўскага раёна Брэста Дзянісу і яшчэ 8 фігурантам гэтай крымінальнай справы вынеслі прысуды. Дзяніс атрымаў тры гады пазбаўлення волі ў выхаваўчай калоніі. У лістападзе 2022 года быў уключаны ў «Спіс экстрэмістаў».


Адрас для лістоў: Выхаваўчая калонія № 2. 213807, г. Бабруйск, вул. Генерала Батава, 4. Дзяніс Сяргеевіч Хазей

Іван Пацяйчук, 18 гадоў


Іван Пацяйчук (на момант затрымання 17 гадоў) — фігурант крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Берасці, узбуджанай пасля акцый пратэста ў горадзе пасля прэзідэнцкіх выбараў. На момант разгляду справы Іван быў непаўнагадовы.


Яму прад'явілі абвінавачванне па ч.2 арт.293 Крымінальнага кодэкса (удзел у масавых беспарадках 10 жніўня 2020 года). Да суда Пацяйчук зназодзіўся на волі.


12 ліпеня ў судзе Ленінскага раёна Брэста Івана Пацейчука прысудзілі тры гады выхаваўчай калоніі. Яго ўзялі пад варту ў зале суда. У лістападзе 2022 года МУС уключыў хлопца ў «Спіс экстрэмістаў».


Адрас для лістоў: Выхаваўчая калонія № 2. 213807, г. Бабруйск, вул. Генерала Батава, 4. Іван Дзмітрыевіч Пацяйчук

Максім Імхавік, 18 гадоў


Максім Імхавік — у жніўні 2020 года было толькі 16 год. За акцыю пратэсту, якая прайшла 10.08.2020 у Берасці, як і іншыя, быў асуджаны па ч.2 арт.293 Крымінальнага кодэкса (удзел у масавых беспарадках).


Да суда Імхавік зназодзіўся на волі. Калі Максіму было ужо 17 гадоў, у ліпені 2021 года хлопцу прысудзілі тры гады выхаваўчай калоніі. Яго ўзялі пад варту ў зале суда. У лістападзе 2022 года МУС уключыў Максіма ў «Спіс экстрэмістаў».


Адрас для лістоў: Выхаваўчая калонія № 2. 213807, г. Бабруйск, вул. Генерала Батава, 4. Максім Вадзімавіч Імхавік

Давід Збаранскі, 19 гадоў


Давід Збаранскі (на момант затрымання 17 гадоў) быў затрыманы 30 лістапада 2020 года адразу пасля таго, як вярнуўся з Польшчы. Супраць яго была распачата крымінальная справа за ўдзел у масавых беспарадках у Брэсце 10 жніўня. Прад'яўлена абвінавачванне па ч.2 арт.293 КК РБ (Удзел у масавых беспарадках).


12 ліпеня 2021 года ў судзе Ленінскага раёна Брэста Давіду Збаранскаму прысудзілі 3 гады калоніі агульнага рэжыму. 13 красавіка 2022 года Давід пабраўся ў калоніі шлюбам са сваёй дзяўчынай Алінай. У лістападзе 2022 года МУС уключыў хлопца ў «Спіс экстрэмістаў».


Чытайце таксама:


У студзені 2023 Давід выйшаў на волю. Ён першы палітзняволены, які цалкам адбыў пакаранне па гэтай справе.

Абноўлена 20.11.2023: дадалі інфармацыю пра тых, хто вызваліўся.

Made on
Tilda