14 лістапада 2022 года журналіст Сяргей Гардзіевіч пайшоў у Драгічынскі РАУС для пастаноўкі на прафілактычны ўлік. Вярнуўшыся пасля візіту з міліцыі, праз дзве гадзіны атрымаў СМС, што уключаны ў спіс экстрэмістаў. Абгрунтавання такому рашэнню не было, як і дакументаў, якія падцвярджаюць яго новы «статус».
Хаця ў законе «Аб змене кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці», з якім былы палітвязень дасканала азнаёміўся, адзін з артыкулаў, па якім ён быў пакараны, дазваляе гэта зрабіць. Гэта арт.369 КК — абраза прадстаўнікоў улады ў сувязі з выкананнем імі службовых абавязкаў.
Тым не менш Сяргей збіраецца абскардзіць уключэнне яго ў спіс экстрэмістаў.
Праз пастаноўку на прафілактычны ўлік, Сяргей Гардзіевіч цяпер павінен кожную нядзелю хадзіць у міліцыю на лекцыю. Якую будзе канспектаваць, каб дзяліцца ёю з людзьмі. Аб чым папярэдзіў свайго інспектара. «Міліцыя ж дрэннаму не навучыць». Таму лекцыі, як сказаў Сяргей у прыватнай гутарцы сваім знаёмым, будуць карысны шырокаму колу людзей.
Нагадаем, што Сяргей Гардзіевіч быў асуджаны паводле трох дыфамацыйных крымінальных артыкулаў. Журналіст у судзе сваю віну не прызнаваў.
Па падліках берасцейскай «Вясны», па стане на 19 лістапада 2022 у Берасцейскай вобласці 384 чалавек уключаны ў спіс «асоб, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці». Усяго ў спісе 1881 беларусаў, то бок кожны пяты — з Берасцейшчыны.
Што адзначае для самаго чалавека ўключэнне ў спіс «экстрэмістаў»?
Згодна з артыкулам 18 Закона «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму»:
• Грамадзянам, унесенем у спіс «датычных да экстрэмісцкай дзейнасці», да пагашэння або зняцця судзімасці і на працягу пяці гадоў пасля пагашэння або зняцця судзімасці забараняецца займацца дзейнасцю, звязанай з абаротам наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў, зброі і боепрыпасаў, выбуховых рэчываў, педагагічнай дзейнасцю (у частцы рэалізацыі зместу адукацыйных праграм), выдавецкай дзейнасцю, а таксама займаць дзяржаўныя пасады, праходзіць ваенную службу.
• Фінансавыя аперацыі грамадзян падлягаюць асабліваму кантролю ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.