Іншыя артыкулы

Еўрапарламент прыняў грунтоўнае рашэнне па барацьбе з транснацыянальнымі рэпрэсіямі

Чаму гэта важна для беларусаў
Тут і далей ілюстрацыі Берасцейскай Вясны, часткова створаныя з выкарыстаннем ШІ
16.06.2025 Еўрапарламент на падставе даклада Ганны Нойман (Hannah Neumann) прыняў рэзалюцыю пад назвай «Супрацьдзеянне транснацыянальным рэпрэсіям — на шляху да стратэгіі ЕС па абароне суверэнітэту і дэмакратычных каштоўнасцей Еўропы».

Дакумент коратка апісвае бягучае становішча ў галіне транснацыянальных рэпрэсій у Еўразвязе (ЕЗ) — асобнае месца адведзена Беларусі, пра якую канстатуецца: беларуская дзяржава выкарыстоўвае розныя формы гэтага віда рэпрэсій для пераследу людзей, якія знаходзяцца на тэрыторыі ЕЗ. Апроч таго, дакумент прапануе спіс рашэнняў, якія мусяць дапамагчы барацьбе з транснацыянальныямі рэпрэсіямі ў ЕЗ.

Змест:

Што такое транснацыянальныя рэпрэсіі

Для эфектыўнай барацьбы з транснацыянальнымі рэпрэсіямі трэба разумець іх маштаб. А для гэтага пажадана мець аднаабразны падыход да таго, што ўлічваецца як выпадак транснацыянальных рэпрэсій. Для гэтага прапануецца на ўзроўні Еўразвяза, а таксама ў нацыянальных заканадаўствах краін-чальцоў ЕЗ пад транснацыянальнымі рэпрэсіямі разумець:
Транснацыянальныя рэпрэсіі — наўмысныя дзеянні або пагрозы, якія ажыццяўляюцца дзяржавамі, у тым ліку рэпрэсіўнымі або аўтарытарнымі рэжымамі, суб'ектамі, афіляванымі з дзяржавай, або суб'ектамі, якія знаходзяцца пад уплывам або ціскам з боку дзяржавы, або іх прадстаўнікамі, для абароны і прасоўвання сваіх інтарэсаў праз межы шляхам запалохвання, пагрозаў, прымусу да маўчання, прымусу, кантролю або нанясення любой іншай шкоды асобам або групам, якія пражываюць за мяжой, або іх сеткам падтрымкі і членам сем'яў.
З-за таго, што формы і віды транснацыянальных рэпрэсій мяняюць сваю форму з цягам часу, а таксама з-за таго што бесперапынна з'язляюцца новыя формы транснацыянальных рэпрэсій, рэзалюцыя не дае закрыты спіс дзеянняў, якія можна аднесці да такіх рэпрэсій. Замест гэтага адзначаецца, што да транснацыянальный рэпрэсій адносяцца, напрыклад:
  • фізічныя транснацыянальныя рэпрэсіі (мэтанакіраваныя забойствы, выкраданні, гвалт, прымусовыя вяртанні, гвалтоўныя знікненні, дэпартацыі і напады на маёмасць)
  • нефізічныя метады прымусу (пагрозы, пераследванне сваякоў, узломы, шантаж, абвінавачванні ў тэрарызме або пагрозе нацыянальный бяспецы)
  • злоўжыванне юрыдычнымі ды адміністратыўнымі працэдурамі (злоўжыванне консульскімі паслугамі, завочныя судовыя працэсы, злоўжыванне міжнароднымі сістэмамі экстрадыцыі і ўзаемнай прававой дапамогі, замарожванне актываў і абмежаванне доступу да банкаўскіх і фінансавых паслуг, беспадстаўныя крымінальныя абвінавачванні, адвольныя штрафы ці пакаранні)

Навошта вылучаць гэты від рэпрэсій, чаму гэта праблема і выклік

Рэзалюцыя адзначае, што на дадзены момант колькасць выпадкаў транснацыянальный рэпрэсій, якія адбываюцца на тэрыторыі Еўразвяза, дакладна неадацэньваецца. Адначасова фіксуецца рост іх колькасці, а таксама пашырэнне іх метадаў і формаў.

Сярод галоўных краін-аўтараў транснацыянальных рэпрэсіях названыя ўсяго 4 краіны. Гэта Расея, Іран, Кітай і Беларусь.

Рэзалюцыя адзначае, што частка з транснацыянальных рэпрэсій грунтуецца на веры ў добрасумленнае выкарыстанне міждзяржаўных механізмаў кшталту Інтэрпола ці барацьбы з адмываннем грошай. Але замест гэтага аўтарытарныя краіны злоўжываюць гэтымі механізмамі, каб чужымі рукамі заблакаваць банкаўскія рахункі актывістаў, каб дамагацца выдачы дысідэнтаў у сваю краіну. Таксама прама прызнаецца, што некаторыя краіны фальсіфікуюць абвінавачванні, каб яны выглядалі не настолькі падазронымі і каб прадставіць ахвяр транснацыянальных рэпрэсій як сапраўдных злачынцаў.

Тое, што ў выніку транснацыянальных рэпрэсій людзі, якія знаходзяцца на тэрыторыі ЕЗ:
  • могуць адчуваць сябе ў небяспецы
  • могуць выбіраць самацэнзуру замест змагання за правы чалавека
  • могуць адмовіцца ад змагання за прыцягненне да адказнасці асобаў, якія адказныя за злачынствы супраць чалавечнасці ці іншых злачынстваў
а таксама тое, што такім чынам аслабляюцца дэмакратычныя інстытуты ЕЗ, Еўрапарламент прызнае праблемай для ўсяго свайго грамадства. Асабліва з улікамі таго, што частка транснацыянальных рэпрэсій накіравана на грамадзян ЕЗ, якія з'яўляюцца палітыкамі гэтых краін, або займаюцца абаронай ці падтрымкай ахвяр, і не маюць ніякіх сувязяў з аўтарытарнымі краінамі, якія ажыццяўляюць супраць іх транснацыянальны пераслед.

Як еўрапейскія ўлады хочуць супрацьстяць транснацыянальным рэпрэсіям

Рэзалюцыя прапануе з большага рамкавыя рашэнні, але часам ёсць і досыць канкрэтныя прапановы.

Па-першае, прапануецца Еўракаміссіі ды EEAS арганізаваць збор інфармацыі, маніторынг і штогадовую справаздачнасць па транснацыянальных рэпрэсіях.

Па-другое, краінам-чальцам ЕЗ прапануецца рабіць спецыяльнае навучанне для праваахоўных, судовых, фінансавых органаў, служб кібербяспекі, органаў міграцыі і па справах уцекачоў, каб яны ўмелі выяўляць і рэагаваць на транснацыянальныя рэпрэсіі. Еўрапарламент заклікаў краіны-чальцы ЕЗ далучаць да распрацоўкі і ажыццяўлення трэнінгаў тыя супольнасці, якіх закранаюць транснацыянальныя рэпрэсіі.

Па-трэцяе, прапануецца разгледзець магчымасць прызнаць транснацыянальныя рэпрэсіі як цяжкае злачынства, якое мае трансгранічную прыроду, ў разуменні арт.83 Дагавора аб функцыянаванні Еўрапейскага Саюза (ў адным шэрагу са злачынствамі гандлю людзьмі, кантрабанды наркотыкаў, кантрабанды зброі).

Па-чацвёртае, падкрэсліваецца, што трэба адмаўляцца ад нефармальных, неправавых або прымусовых запытаў ад замежных уладаў на затрыманне, сачэнне, перадачу ўцекачоў або членаў дыяспар. І фіксаваць такія выпадкі.

У пятых, ёсць заклік да Еўракамісіі і краін-чальцоў ЕЗ выяўляць і выпраўляць сістэмныя ўразлівасці ў адміністрацыйных, прававых і фінансавых сістэмах, якія могуць быць выкарыстаны для транснацыянальных рэпрэсій.

У шостых, чальцам ЕЗ прапануецца прызначыць кантактныя асобы/органы па пытаннях транснацыянальных рэпрэсій для сваіх краін.

У сёмых, Еўракамісіі прапанавана распрацаваць змены для мандатаў Еўраюста ды Еўрапола, каб яны маглі эфектыўней супрацьстаяць транснацыянальным рэпрэсіям.

Ёсць і іншыя рашэнні й прапановы. Цалкам яны пералічаныя ў разглядаемай рэзалюцыі Еўрапарламента.

Што ў прапанавых рашэннях важна для беларусаў

Варта звярнуць увагу, што асобныя прапанаваныя метады барацьбы еўрапейскіх уладаў з транснацыянальнымі рэпрэсіямі абапіраюцца на садзейнічанне з боку тых, хто сутыкаецца з гэтым відам рэпрэсій. Бо менавіта гэтыя людзі і супольнасці найлепей разумеюць рэпрэсіўныя тактыкі, ведаюць пра змены ў ніх.

Таму рэзалюцыя Еўрапарламента прадугледжвае:
  • удзел у распрацоўцы і правядзенні трэнінгаў для мясцовых (еўрапейскіх) дзяржаўных служб і органаў, каб яны лепей маглі выяўляць (і супрацьдзейнічаць) транснацыянальным рэпрэсіям
  • наладжванне пастаяннага кантакта паміж супольнасцямі, якія становяцца ахвярамі транснацыянальных рэпрэсій, і мясцовымі праваахоўнымі органамі з органамі бяспекі
  • права на доступ да юрыдычнай дапамогі і кампенсацыю выдаткаў для ахвяр транснацыянальных рэпрэсій, калі яны адбыліся ў выніку злоўжывання прававымі сістэмамі

Адначасова прадстаўнікі дыяспар разглядаюцца не толькі як магчымыя ахвяры, але і як магчымыя выканаўцы транснацыянальных рэпрэсій (з-за ціску, ці нават без яго). Таму Еўрапарламент прапануе ўлічваць і гэты фактар, і «ўзмацняць ідэнтыфікацыю асоб сярод дыяспары, якія могуць быць выканаўцамі транснацыянальных рэпрэсій».

Дадаткова Еўрапарламент прапануе сваім краінам-чальцам уважліва правяраць уладальнікаў «залатых віз» (ды іншых падобных віз, відаў на жыхарства, якія даюцца ўзамен за інвестыцыі), і скасоўваць гэткія візы за сувязі з рэжымамі, якія практыкуюць транснацыянальныя рэпрэсіі.

Чытайце таксама:

Сутыкнуліся з парушэннем правоў?
Пішыце нам. Гэта бясплатна, бяспечна, ананімна
Made on
Tilda