Іншыя артыкулы

2 кастрычніка — гадавіна забойства саўдаўскага журналіста

Улады адмаўляюць абвінавачванні, і ў гэтыя дні праводзяць буйны фестываль з замежнымі зоркамі камедыі
У Саўдаўскай Аравіі з 26 верасня па 9 кастрычніка 2025 года праводзіцца міжнародны фестываль камедыі. Сярод удзельнікаў — знакамітыя Луі С.К., Джымі Кар, Кевін Харт, Піт Дэвідсан.

Але ёсць тыя, хто выступае супраць фестывалю, што ладзіцца з нібыта бязвіннай мэтай «пасмяемся разам і правядзем добра час».

Праваабаронцы з арганізацыі Human Rights Watch ужо каторы год крытыкуюць той факт, што ўлады Саўдаўскай Аравіі ладзяць буйныя мерапрыемствы з акцэнтам на міжнародную аўдыторыю. Бо праваабаронцы лічаць, што сапраўдныя мэты саўдаўскіх уладаў — стварыць сабе пазітыўны вобраз на міжнароднай арэне ды адцягнуць увагу ад катастрафічнай сітуацыі с правамі чалавека.

Гэтым летам, напрыклад, у Саўдаўскай Аравіі пакаралі смерцю журналіста Туркі аль-Джассера (Turki al-Jasser). Ён пісаў пра карупцыю ў каралеўскай сям'і, рабіў публікацыі пра парушэнні правоў чалавека і правы жанчын.

За кратамі ў краіне ўтрымліваюцца прынамсі 5000 палітвязняў. Сярод іх актывісты, журналісты, і простыя пенсіянеры якія пішуць пасты ў сацсетках (так, настаўнік на пенсіі Muhammad al-Ghamdi у 2023 годзе быў асуджаны да смерці за негвалтоўныя пасты ў сацсетках — потым яму замянілі пакаранне на 30 гадоў зняволення).
Лічба ў 5 тысяч палітычных зняволеных была агучана саўдаўскім прынцам на сустрэчы з сенатарам ЗША ў сакавіку-2025. А дакладней, прадстаўнік Саўдаўскай Аравіі сказаў, што лічба палітвязняў у яго краіне «перакрочыла 5 тысяч».
Але адзін з самых гучных прыкладаў палітычнага пераследу апошніх гадоў — гэта забойства журналіста Джамаля Хашогі 2 кастрычніка 2018 года. Джамаль пайшоў у амбасаду Саўдаўскай Аравіі і там знік. Міжнародныя расследванні прыйшлі да высновы, што саўдаўскія ўлады адказныя за яго забойства.
Падрабязнасці гісторыі Хашогі гучаць не горш за галівудскі дэтэктыўны трылер. Калі хочаце даведацца пра гэта больш — раім паглядзець стужку «Дысідэнт»
Вяртаемся да фестывалю смеху. Некаторыя выступоўцы адмовіліся ад удзелу, нягледзячы на страшна высокія ганарары, якія прапаноўваюць саўдаўскія ўлады. А іншыя камедыянты асудзілі сваіх калег, што пагадзіліся выступіць на фестывалі: «Вы будзеце апраўдваць гэты таталітарны рэжым за што? за яхту? за чацвёрты дом? за новыя красоўкі?» — напісаў у адкрытым лісце Дэвід Крос.

Тыя, хто ўсё ж пагадзіліся выступіць на Riyadh Comedy Festival, у адказ гавораць: сітуацыя з правамі чалавека ў Саўдаўскай Аравіі нібыта не горш за сітуацыю ў ЗША (Злучаных Штатах Амерыкі). Іншыя (як камедыянт Піт Дэвідсан) прама кажуць, што саўдаўскія ўлады заплацілі ім столькі, што яны гатовыя заплюшчыць вочы на праблемы ўнутры краіны.
Частка з тых зорак, што пагадзіліся выступаць у Саўдаўскай Аравіі на фестывалі камедыі. Верхні рад, злева направа: Кевін Харт, Дэйв Шапел, Джымі Кар. Ніжні рад, злева направа: Крыс Такер, Піт Дэвідсан, Луі С.К.
На 2 кастрычніка, гадавіну забойства журналіста Хашогі сваімі ўладамі, ў Саўдаўскай Аравіі таксама пройдуць стэндап-канцэрты ў межах узгаданага фестывалю.

Усё гэта на фоне таго, што 2025 год мае ўсплеск па колькасці смяротных пакаранняў у краіне: за першыя 7 месяцаў адбылося прынамсі 241 такіх выпадкаў. У тым ліку пазбаўляюць жыцця палітвязняў.
Made on
Tilda