Навіны

Стахаевіч з Мікашэвічаў адсядзеў 46 сутак

На яго завялі крымінальную справу
Былы актывіст і кіраўнік незалежнай суполкі на прадпрыемстве «Граніт» Алег Стахаевіч адсядзеў у камеры-адзіночцы 46 сутак на голых нарах без пасцельных прыналежнасцяў і без перадач. Падрабязнасці распавёў берасцейскай «Вясне» яго сябра Леанід Дубаносаў.

Паводле Дубаносава, Стахаевіча тройчы пакаралі адміністрацыйным арыштам за знойдзеныя ў тэлефоне лайкі ў «Аднакласніках». Усе лайкі стаялі пад публікацыямі самаго Леаніда Дубаносава.

Пакаранне расцягнулі ў часе. Першапачаткова 15 сутак за лайкі па ч.2 арт.19.11 КоАП (Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) адмераў лунінецкі суд. Пасля адбыцця пакарання Стахаевіч настроіўся на волю і тут даведаўся, што яго зноў павязуць у суд. Той жа суд пакараў 10 суткамі за іншыя лайкі пад інфармацыяй Дубаносава ў «Аднакласніках» па той жа ч.2 арт.19.11 КоАП. Пасля 10 сутак працэс паўтарыўся і Алег Стахаевіч у трэці раз быў пакараны, на гэты раз зноў 15 суткамі арышту, і зноў за лайкі пад пастамі Дубаносава ў «Аднакласніках», зноўку па ч.2 арт.19.11 КоАП. За ўтрыманне на «сутках» Стахаевічу яшчэ й прыйшлося заплаціць 740 рублёў.

Але праз 40 сутак пакуты Алега Стахаевіча не скончыліся. Яго затрымалі на 3 сутак. А пазней яшчэ на трое сутак — ужо ў межах крымінальный справы. Крымінальная справа звязана з артыкуламі «Паклёп» ды «Абраза прадстаўніка ўлады» (артыкулы 188 і 369 адпаведна).

На дадзены момант Стахаевіч на волі, пад падпіскай аб невыездзе з Беларусі.

Нагадаем, што Стахаевіча затрымалі ў лістападзе 2023, пра што мы ўжо пісалі. Апошнім часам Стахаевіч жыў у Літве, прыязджаў у Беларусь удзельнічаць у спаборніцтвах па бегу. Перад затрыманнем ён як раз удзельнічаў у адным з такіх забегаў — Bison XC на 5000 метраў пад Сілічамі. У пачатку 2010-х працаваў на мікашэвіцкім прадпрыемстве «Граніт», дзе стаўся лідарам ініцыятараў незалежнага прафсаюзу, за што быў звольнены.
2024-01-12 16:14