Навіны

У Мікашэвічах затрыманы Алег Стахаевіч

Былы актывіст незалежнага прафсаюзу
Алег Стахаевіч. Фота: Укантакце
Алег Стахаевіч быў затрыманы ў канцы лістапада і не выйшаў на волю пасля 15-суткавага арышту. Падрабязнасці гісторыі паведаміў яго сябра Леанід Дубаносаў.

Паводле Леаніда, Алег ў 2020 годзе пераехаў працаваць у Літву. Атрымаў від на жыхарства (ВНЖ). Адзін раз на тры месяцы ездзіў у Мікашэвічы. У 2023 годзе ездзіў часцей, бо прымаў удзел у спартыўных спаборніцтвах па бегу. Усё было спакойна. Ніхто з праваахоўных органаў ім не цікавіўся ўсе гэтыя гады. У лістападзе ў яго скончыўся тэрмін ВНЖ і Алег сказаў, што паедзе на тры тыдні дамоў у Беларусь. Потым вернецца для далейшай працы ў Літву.

12 лістапада ўдзельнічаў у забегу Bison XC — імя мужчыны ёсць на сайце мерапрыемства сярод удзельнікаў (бег на 5000 метраў, у сваёй катэгорыі прыбяжаў 7-ым).

Але праз тыдзень за Стахаевічам прышлі супрацоўнікі мікашэвіцкай міліцыі, зрабілі вобшук у кватэры, забралі тэлефон і ноўтбук, а самаго мужчыну затрымалі. Праз тры дні адбыўся суд. Стахаевічу прысудзілі адміністрацыйны арышт тэрмінам на 15 сутак (з залічэннем папярэдніх трох сутак). Але па сканчэнню гэтага тэрмину актывіст не выйшаў на волю. Замест гэтага родныя атрымалі паперу за подпісам намесніка начальніка аддзела Лунінецкага РАУС Яўгена Чыжыка, дзе паведамлялася, што ў дачыненні да Алега Стахаевіча праводзіцца праверка праверка аб тым, што мужчына «можа быць датычны да экстрэмісцкай дзейнасці».

На дадзены момант Алег Стахаевіч застаецца затрыманым.

Нагадаем, што ў 2011-2012 годзе Алег Стахаевіч быў лідарам суполкі незалежнага прафсаюзу на мікашэвіцкім прадпрыемстве «Граніт» і за гэтае быў звольнены.
Made on
Tilda