Судовыя паседжанні

Бярозаўскі суд не задаволіў іск былога майстра тэхнічнай вытворчасці Белаазёрскага каледжа

Жанчыну звольнілі незадоўга да пенсіі
Фота: Валянціна Мацяш ля суду Бярозаўскага раёну
Валянціна Мацяш ля суду Бярозаўскага раёну
З Валянцінай Мацяш, адной з супрацоўніц Белаазёрскага каледжа электратэхнікі, нядаўна не працягнулі кантракт. Да пенсіі ёй заставалася крыху больш за паўтары гады.

Былы майстар прасіла суд ўзнавіць яе на працы, выплаціць грошы за час вымушанага прагула і 10 000 рублёў маральнай кампенсацыі. Валянціна спасылалася на Працоўны кодэкс, дзе прапісана: нельга звальняць работнікаў за 2 гады да пенсіі (п.3 ч.3 арт.261-5 ПК). А ў працоўнай калектыўнай дамове каледжу пазначана, што нават за 3 гады да пенсіі нельга звальняць (або не працягваць кантракты). Нягледзячы на гэтае, Валянціне Мацяш не працягнулі кантракт, а пасля звальнення ў жанчыны пагоршылася здароўе і яна 10 дзён праходзіла лячэнне ў дзённым стацыянары.

Доказы сведкі з боку Мацяш, што за 35 гадоў працы ў Валянціны былі толькі падзякі, засталіся па-за ўвагай суда.
Калаж: старшыня прафкама каледжа Святлана Літоўчык і Аляксандр Шымчук, дырэктар каледжу з 2022 года
Злева: старшыня прафкама каледжа Святлана Літоўчык. Справа: Аляксандр Шымчук, дырэктар каледжу з 2022 года
На баку тых, хто настойваў на законнасці звальнення Валянціны Мацяш, былі дакументы пра тры заўвагі і вымовы, выпісаныя новым дырэктарам каледжу Аляксандрам Шымчуком. Такім чынам, артыкул 261-5 Працоўнага кодэксу не тычыцца выпадку Валянціны, бо работнік мусіць не дапускаць дысцыплінарных, выканаўчых ці іншых парушэнняў на працы.

Чытайце таксама:

Таксама на судзе выступіла старшыня прафкама Святлана Літоўчык, якая заявіла, што Мацяш выйшла з дзяржаўнага прафсаюзу некалькі год таму. Такім чынам, паводле Літоўчык, пад «плюшкі» калектыўнай працоўнай дамовы Валянціна цяпер не падпадае (то бок забарона на непрацягненне кантрактаў за 3 гады да пенсіі). Адвакат Валянціны ў адказ даводзіў, што працоўная дамова тычыцца толькі работніка і кіраўніка ўстановы, прафсаюз да гэтага не мае дачынення.
Калаж: суддзя Людміла Рудзіна і пракурор Андрэй Барушка
Злева: суддзя Людміла Рудзіна. Справа: пракурор Андрэй Барушка
Тым не менш, суддзя Людміла Рудзіна і памочнік пракурора Андрэй Барушка вырашылі, што парушэння з боку каледжа няма, і Валянціну Мацяш не трэба вяртаць на працу. Адпаведнае рашэнне было агучана бярозаўскай суддзёй 20 студзеня 2023 года.

Паводле Валянціны Мацяш, яе ліхтуга пачалася пасля выбараў 2020 году. Калі яны з мужам былі затрыманы, арыштаваны і пакараны Бярозаўскім судом. Муж вымушаны быў пазней з'ехаць за мяжу, Валянціну больш года прэсінгавалі на працы, пакуль не звольнілі.
Made on
Tilda