Навіны

«Зачышчаюць» ад прафесіяналаў

У Бярозе ізноў звальненне за палітычную пазіцыю?

Валянціна Мацяш

У канцы кастрычніка 2022 года была звольнена майстар вытворчага навучання Белаазёрскага дзяржаўнага каледжа электратэхнікі Валянціна Мацяш. Мясцовыя звязваюць гэта з тым, што яшчэ 9 жніўня 2020 года яна прыйшла з мужам да будынку, дзе праходзіла галасаванне, каб даведацца вынікі падліку. У руках мужа быў бел-чырвона-белы сцяг. За гэтае сужэнцы былі брутальна затрыманы мясцовымі міліцыянтамі, іх змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання Бярозаўскага РАУС. Праз трое сутак Валянціну ў Бярозаўскім судзе пакаралі штрафам звыш 800 рублёў, а мужа — 15-суткавым арыштам.

У 2021 годзе, як стала вядома Валянціне, да яе на працу прыйшлі работнікі Бярозаўскага райвыканкама і КДБ ды загадалі «эту убрать».

«Убирать» пачалі пасля прыходу ў вучэльню новага дырэктара Аляксандра Шымчука. Пачаліся частыя праверкі і ўгаворы напісаць па асабістаму жаданню. Яшчэ стары дырэктар падпісала кантракт з Валянцінай толькі на год, хаця ўсім — на два. Валянціна, якой заставалася да пенсіі ўсяго нічога, супраціўлялася цэлы год. І так дырэктар Шымчук (пра якога мясцовыя кажуць, што ён і на папярэднім месцы працы звальняў «палітычных») даў Мацяш за паўтара месяца тры заўвагі і вымову «за неналежнае выкананне службовых абавязкаў». Хаця перад гэтым Мацяш за 35 гадоў працы ў вучэльні мела толькі падзякі. 29 лістапада скончыўся кантракт і Валянціна Мацяш была звольнена. Хаця да пенсіі ёй заставалася 1 год і 7 месяцаў. Дырэктар сказаў, я не хачу цябе звальняць, але або ты, або мяне.

За што чатыры дысцыплінарных спагнання далі Валянціне
Напрыклад, першая заўвага «за дапушчанае парушэнне заканадаўства па прафілактыцы правапарушэнняў і злачынстваў непаўнагадовых». Гэта, так бы мовіць, было не запісана ў нейкай папцы, хаця Валянціна нават не ведае, у якой, бо папку так і не назвалі. Другая вымова таксама за нешта не запісанае ў папку. І трэцяя таксама за недакладнасць запісу ў папцы. І неўзабаве вымова за нібыта «неналежнае выкананне службовых абавязкаў». І гэтага Валянціна не зразумела, бо выконвала свае абавязкі сумленна.

Жанчына хоча праз суд аспрэчыць сваё звальненне.

Акрамя Валянціны Мацяш у сферы адукацыі апошнім часам атрымаў даведку аб звальненні былы адзіны ў раёне беларускамоўны дырэктар, хутка ўжо былы завуч, аўтар некалькіх кніг па беларускай мове і літаратуры Мікалай Жуковіч.
Made on
Tilda