Іншыя артыкулы

Студэнты за кратамі. У Міжнародны дзень студэнтаў расказваем гісторыю гэтага дня

Ды ўзгадваем прыкметныя выпадкі пераследу студэнтаў на Берасцейшчыне


Гісторыя Міжнароднага дня студэнта

17 лістапада адзначаецца Дзень студэнта. Гэтая дата з'явілася не выпадкова: 28 кастрычніка 1939 года пражскія студэнты выйшлі адзначыць свята незалежнасці Чэхаславакіі. Паколькі на той момант краіна ўжо была акупаваная нямецкімі ўладамі, мітынг гвалтоўна разагналі, па пратэстоўцах стралялі. Праз некалькі дзён ад атрыманых раненняў адзін студэнт загінуў, на пахавальную працэсію прыйшлі тысячы. Працэсія перарасла ў антынацысткую акцыю. Два дні апасля, 17.11.1939 акупанты зладзілі аблаву на студэнцкія інтэрнаты, у той жа дзень без суду растралялі 9 лідараў пратэсту (студэнтаў і прафесараў). У выніку тых падзей усе чэшскія ўніверсітэты і каледжы зачынілі да канца акупацыі, каля 1200 чалавек былі адасланыя ў канцэнтрацыйныя лагеры.

Пераслед студэнтаў Берасцейшчыны за месяц: намаляваў выбух на Крымскім мосце, напісаў каментар пра міністра замежных справаў

З нагоды Міжнароднага дня студэнта, які вядзе сваю гісторыю з пратэстаў супраць уладаў (ды жорсткай рэакцыі на праяўленне пазіцыі), узгадаем некалькі прыкметных выпадкаў, як беларуская дзяржава пераследуе студэнтаў Берасцейскай вобласці апошнім часам.

Злева: Аляксей Гарох. Справа: зроблены ім на занятках малюнак

Так, за апошні месяц праваабаронцам стала вядома пра затрыманне двух студэнтаў. Навучэнец Берасцейскага дзяржуніверсітэту ім.Пушкіна Аляксей Гарох быў затрыманы ў другой палове кастрычніка 2022 года. Як вынікае з «пакаяннага відэа», у якім хлопца прымусілі зняцца, на яго завялі крымінальную справу за нібыта абразу Лукашэнка (арт.368 Крымінальнага кодэксу). У гэтым відэа хлопец таксама «прызнаецца» ў тым, што пісаў пра перасоўванне расейскіх войск [пасля 24.02.2022]. А цікавасць да Аляксея магла быць звязана з там, што падчас заняткаў у ВНУ ён намаляваў выбух на Крымскім мосце.

Пра лёс Гароха вядома, што 1 лістапада 2022 года яму прысудзілі штраф ды канфіскацыю тэлефона па ч.2 арт.19.11 КоАП за тое, што ў сацсетцы «Вконтакте» ў красавіку 2021 года ён даслаў выяву з лагатыпам «NEXTA».

Другі нядаўна затрыманы студэнт — Максім Міцкевіч, навучэнец таго ж Берасцейскага дзяржуніверсітэту ім.Пушкіна. Хлопца таксама прымусілі зняцца ў «пакаянным відэа», дзе той паведаміў: ён затрыманы праз каментар у Telegram пра Уладзіміра Макея (беларускі міністр замежных справаў). За гэтае ўзбуджана крымінальная справа па арт.369 Крымінальнага кодэксу (Абраза прадстаўніка ўлады).

Пра Максіма вядома, што ён родам з Пружанскага раёну. А каментар пра Макея ён пакінуў яшчэ ў красавіку 2021 года. Як вынайшла берасцейская «Вясна», каментар Максіма быў адказам на навіну, дзе Макей заяўляў: жорсткае падаўленне пратэстаў у 2020 годзе было апраўданым, улады парушалі правы чалавека нібыта дзеля «захавання суверэнітэту».

Пераслед студэнтаў Берасцейшчыны з 2020 году: адлічэнні з ВНУ, зняволянне праз напісаную кнопку для пратэснага сайту, калонія за адпраўку звесткак аб руху ваенных самалётаў

З 2020 года студэнты па ўсёй краіне, якія прымалі ўдзел у пратэстах ці іншым чынам паказвалі нязгоду з паслявыбарчымі падзеямі, сутыкаліся з рознымі формамі ціску. Так, яшчэ ў 2020 годзе студэнтаў пачалі адлічаць з універсітэтаў. Арганізацыя «Задзіночанне беларускіх студэнтаў», якая ў тым ліку займаецца абаронай правоў студэнтаў, прыводзіць такую статыстыку па адлічаных з ВНУ (у перыяд з верасня 2020 па лістапад 2021):
  • 13 навучэнцаў з Берасцейскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэту,
  • 3 студэнта Баранавіцкага дзяржуніверсітэту,
  • 2 навучэнца Палескага дзяржуніверсітэту.

Чытайце таксама:

Але ж не менш сур'езнай формай пераследу з'яўляюцца крымінальныя справы. Узгадаем гучныя выракі, якія атрымалі студэнты Берасцейскай вобласці са жніўня 2020 году.


Берасцеец Канстанцін Рудніцкі навучаўся ў Берасцейскім дзяржаўным тэхнічным укніверсітэце. Цікаваўся праграмаваннем. Як распавядаў ён на судзе, менавіта гэтае прывяло яго да таго, што ён адклікнуўся на запыт праекту «Чорная карта Беларусі» (гэты праект мае сайт з адрасамі сілавікоў, суддзяў ды іншых асоб, пра якіх сцвярджаецца іх датычнасць да рэпрэсій).

Хлопца судзілі 2 месяцы, за гэты час яго справу паспелі пачаць разглядаць па-новай (бо пракурор проста падчас суду змяніў абвінавачванне на больш жорсткае, і справа з раённага суду перайшла да абласнога). З фактычных дзеянняў Канстанціна яму прад'яўлялі толькі тое, што ён напісаў адну кнопку для сайту «Чорная карта Беларусі». У выніку за гэтае яго пакаралі 6 гадамі зняволення.

А пакуль хлопец пад вартай чакаў суду, з ВНУ яго адлічылі.


Аляксандр Загдай родам з Баранавічаў. Навучаўся у акадэміі авіацыі ў Менску. Пасля шырокамасштабнага расейскага ўварвання ва Ўкраіну, не застаўся ў баку. Ва ўсякім разе, менавіта за гэтае яго асудзілі: за тое што перадаваў у беларускі апазіцыйны тэлеграм-канал «Nexta» звесткі аб перасоўванні авіятэхнікі ў Баранавічах (там ёсць аэрадром, які актыўна выкарыстоўваецца з 24.02.2022).

Перадачу звестак «забароненаму» тэлеграм-каналу кваліфікавалі па ч.1 арт.361-4 Крымінальнага кодэксу Беларусі (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). У выніку суд прызначыў Аляксандру два з паловай гады зняволення.


Берасцеец Давід Збаранскі ў 2020 годзе паступіў у люблінскі ўніверсітэт (Польшча) на факультэт турызма. Праз каранавірус, навучанне праходзіла ў анлайн-рэжыме, таму хлопец у канцы лістапада прыехаў дамоў. Але ж яго амаль адразу затрымалі — і з таго дня Давід у зняволенні. На той момант Давіду было толькі 17 год.

Падставай для затрымання (а потым і крымінальнай справы) стаў удзел у акцыі пратэсту, якая прайшла 10 жніўня 2020 года ў Берасці. Следства (як і пракуратура, як і суд) кваліфікавалі тыя падзеі як масавыя беспарадкі, і пратэстоўцаў судзілі па ч.2 арт.293 Крымінальнага кодэксу. Мінімальнае пакаранне па гэтаму артыкулу — 3 гады калоніі. Менавіта столькі і прысудзілі хлопцу.

Давід скончыць адбываць пакаранне ў канцы студзеня 2023 года. За час знаходжання за кратамі ажаніўся.


Ілля Мігно навучаўся на 2-ім курсе Берасцейсакга дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта. Хлопца затрымалі 18 жніўня 2020 года на працы ў Мастаатрадзе, і з таго дня ён у няволі.

Яго пераслед, як і ў выпадку са Збаранскім, звязаны з акцыяй пратэсту, якая прайшла 10 жніўня 2020 года ў Берасці. Іллю таксама прызналі вінаватым па ч.2 арт.293 Крымінальнага кодэксу (Удзел у масавых беспарадках) — ды прысудзілі 4 гады 6 месяцаў пазбаўлення волі.
2022-11-17 18:36