Іншыя артыкулы

Кніжныя рэкамендацыі ад палітвязня-праваабаронцы

Лета — час чытаць кнігі. І іншыя сезоны года таксама. Наколькі нам вядома, палітвязень Віталь Чопік да свайго затрымання шмат чытаў. І з ахвотай раіў кнігі сваім сябрам і знаёмым.

Людзі, якім Віталь рэкамендаваў кнігі ніжэй, па нашай просьбе паспрабавалі ўзгадаць, як Віталь раіў гэтыя творы і чаму прапаноўваў менавіта іх да чытання.

Паглядзіце спіс кніг ад Віталя Чопіка — мяркуем, знойдзеце нешта і для сябе.

Віктор Гюго «Дзевяноста трэці»

Раман, які распавядае пра апошнія дні Вялікай Французскай рэвалюцыі. Менавіта з гэтай падзеі паўстаюць зразумелыя нам паняцці "грамадзянства" і "грамадзянскай нацыі". Дагэтуль грамадства дзялілася на саслоў, а грамадзянамі з'яўляліся толькі вышэйшыя саслоўі.

Пасля рэвалюцыі й сяляне маглі стаць грамадзянамі. Паўстала "французская" канцэпцыя нацыі, якая нам і сёння вядомая і зразумелая: яна робіць акцэнт на грамадзянскую супольнасць (у адрозненне ад моўна-этнічнай супольнасці — тагачаснай "нямецкай" канцэпцыі нацыі).

Францішак Аляхновіч «У капцюрох ГПУ»

На дзесяцігоддзі раней за Салжаніцына, пра жахі ГУЛАГу напісаў беларус Ф.Аляхновіч. Ён пісаў з уласнага досведа, паколькі сам сутыкнуўся з гэтай сістэмай як ахвяра рэпрэсій. Потым Аляхновіч быў абменяны (СССР аддаў яго ўзамен на Браніслава Тарашкевіча, аўтара "тарашкевіцы"), і тады Францішак напісаў гэты твор. Таксама ў кнізе раскрываецца сутво савецкай прапаганды аб "беларусізацыі", на якую павёўся Аляхновіч і прыехаў у 1920-я гады з Вільні ў Менск.

Уладзімір Караткевіч «Зямля пад белымі крыламі»

Лёс пісьменніка быў звязаны з Украінай. Ён навучаўся ў Кіеўскім дзяржаўным унівэрсітэце і працаваў настаўнікам у школе ў Кіеўскай вобласці. Першы варыянт кнігі быў пабудаваны на паралелях двух народаў, пісаўся для ўкраінскіх вучняў старэйшых класаў і быў выдадзены на ўкраінскай мове. У нарысе Караткевіч ахапіў беларускую гісторыю ад старажытнасці (ВКЛ, Грунвальд, Каліноўскі) да 1970-х гг.

Максім Гарэцкі «Дзве душы»

Да Пастэрнака ды Булгакава, пра падзеі 1917 года напісаў аповесць М.Гарэцкі. Няскончаны, недапісаны твор пра падмененых у дзяцінстве хлопчыкаў з сялянскай і панскай сем’яў, якія пасталелі і апынуліся ў цэнтры знакавых гістарычных падзей. Да 2020 года ў Купалаўскім тэатры па гэтай аповесці была паспяховая пастаноўка. Звяртае на сабе ўвагу яшчэ натуральная, паэтычная беларуская мова (да рэформ), на якой напісаны твор.

Дзмітрый Матвейчык «Эміграцыя ўдзельнікаў паўстання 1830-1831 гг.: крыніцы з гістарычных ахіваў Беларусі і Літвы»

Як сабе самаідэнтыфікавалі паўстанцы з цяперашняй тэрыторыі Беларусі, калі яшчэ беларуская нацыя не сфармавалася? Як яны называлі сябе ў эміграцыі? Раскрывае гэта даследніцтва.

Ларыса Геніюш. Вершы

Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР яе бацьку арыштавалі і расстралялі, маці памерла ў ссылцы, дзвюх сясцёр выслалі ў Казахстан. Жыла ў Празе і захоўвала архіў БНР. Але у 1948 годзе яе выдалі ў СССР, дзе асудзілі да 25 гадоў зняволення па артыкулах: "Аказанне дапамогі міжнароднай буржуазіі" (падобна на сучасныя суды за данаты?), і за "удзел у антысавецкай арганізацыі" (падобна на сучасны т.зв. "экстрэмізм"?). Пасля вызвалення пасялілася на Беларусі. Да самай смерці не прыняла савецкае грамадзянства. Пра свой пакручысты лёс напісала аўтабіяграфію. Таксама стварала паэзію, напрыклад у лагерах пісала вершы для беларускіх вязняў. Але Геніюш пісала і да ГУЛАГу, і пасля на розныя тэмы, ўключаючы вершы для дзяцей.

Хто і чаму адзначыў вышэйузгаданыя кнігі

Гэтую падборку беларускіх твораў і аўтараў раней рэкамендаваў берасцеец Віталь Чопік сваім сябрам. Цяпер ён не можа гэтак жа проста раіць кнігі людзям навокал — Віталь сядзіць за кратамі. Яму далі 7 гадоў калоніі за тое, што тры гады ён хадзіў на палітычныя суды. Калі ў Беларусі нічога не зменіцца, то Віталь выйдзе не раней за 2030 год.

Чытайце таксама:

Сутыкнуліся з парушэннем правоў?
Пішыце нам. Гэта бясплатна, бяспечна, ананімна
Made on
Tilda