Іншыя артыкулы

У Бярозаўскім раёне высаджваюць дрэвы ў «Сад памяці»

Пачыналі з падпольшчыкаў часоў Другой сусветнай вайны, а паступова перайшлі на расейскіх захопнікаў (і людзей, ніяк не звязаных з Беларуссю)
Каля школы ў аг.Першамайскі (ля г.Бяроза) ў красавіку 2024 высадзілі 26 яблынь. Разам тыя дрэвы стварылі «Сад міра і памяці абаронцаў Айчыны». Кожная яблыня — на гонар чальцоў камуністычнага падполля, якое дзейнічала з 23.06.1941 у Бярозаўскім раёне.

Сёлета сад пашырылі: туды дадалі «Алею жаночай славы» з 26 яблынямі на гонар жанчын удзельніц Другой сусветнай вайны, а таксама тых хто развіваў рэгіён пасля.

Але самае вялікае пашырэнне сада адбылося летась. Тады высадзілі 54 яблыні. Але выклікае пытанні, каму прысвяцілі частку з тых дрэў.

Захопнік Каўказа

Так, адну яблыню ўрачыста пасадзіў генконсул РФ у Берасці — і тое дрэва прысвечана генерал-майору Канстанціну Энгелю (1839-1902). Пра яго вядома, што ён усё жыццё (з 16-гадовага ўзроста) служыў у Расейскай імператарскай арміі, адзначыўся ў заваяванні Каўказа ў 1863-1864 гадах. З Беларуссю яго нічога не звязвае: толькі той факт, што ў складзе 151 пяхотнага палка, пакуль той кватэраваўся пад Бярозай, адслужыў тут пару год (1894-1896 гг.) Тым не менш, на дрэве, якое нядаўна высадзілі пад Бярозай, стаіць надпіс «Беларусь помнит!»

Беларусь памятае... ваенных і святароў арміі Расейскай імперыі

Тады ж, 24.04.2025, яблыню з бэйджам «Беларусь помнит!» высадзілі на гонар ураджэнца Расеі, генерал-маёра Васіля Вавілава (1857-1915). Таксама аддаў жыццё службе ў арміі, з Бярозай яго звязвае камандаванне тым жа 151 пяхотным палком ў 1911-1915 гг., пакуль полк у 1911-1914 стаяў пад Бярозай.
Аналагічную яблынь тады пасадзілі й на ўшанаванне святара Сяргея Фларынскага (1873-1918). Нарадзіўся ў Суздалі. Служыў святаром у 151 пяхотным палку Расейскай імператарскай арміі з 1900 года. Растраляны бальшавікамі ў 1918 годзе. З Бярозаўшчынай яго звязвае таксама хіба служба ў палку, пакуль той кватэраваўся пад Бярозай.

Каліва зямлі на гонар Аляксандра Неўскага

Да адзначаных саджанцаў, як і да ўсіх 80 яблынь якія высадзілі ў 2024 ды 2025 гадах, у яму перад пасадкай дадавалі «треугольный конверт с освященной землей из Переславля-Залесского, родины Александра Невского».
Нагадаем, што Аляксандр Неўскі не мае дачынення да беларускай гісторыі — але лічыцца важным для Расеі. А ў Беларусі помнікі яму сталі з'яўляцца, па меркаванню беларускіх гісторыкаў, бо сучасная Расея такім чынам «пазначае свае тэрыторыі».

Чытайце таксама:
2026-05-09 16:02