Навіны

Адзін палітэмігрант, адзін палітвязень, адзін вярнуўся ў Беларусь праз «камісію па вяртанні»

І ўсе яны несапраўдныя тэрарысты
24 ліпеня 2026 года КДБ абнавіў «тэрарыстычны спіс». Туда дадалі 14 беларусаў. Сярод іх трое звязаны з Берасцейскай вобласцю: гэта Анатоль Вайцяхоўскі, Станіслаў Прыгодзіч ды Яўген Пергаеў.

Вайцяхоўскі — былы заснавальнік баранавіцкай газеты. Пра яго вядома, што ў 2023 годзе яго затрымліваў ГУБАЗіК за тое, што Анатоль пакідаў у тэлеграме каментары супраць расійскага ўварвання ва Украіну і гвалту сілавікоў. Затым Вайцяхоўскі ўцёк з Беларусі ў Польшчу (Беласток).
А на пачатку 2026 года праз «камісію па вяртанні» вярнуўся ў Беларусь. Нягледзячы на гэта, а таксама не зважаючы на ўдзел у прапагандысцкім фільме БТ, Менгарсуд асудзіў яго па чатырох палітычных артыкулах (ч.3 арт.361, ч.2 арт.367, ч.2 арт.368, ч.1 арт.361-4 КК). І на падставе менавіта гэтага прысуду абвясцілі ажно «тэрарыстам» (што значыць, што мужчына не зможа адкрыць банкаўскі рахунак у Беларусі, а значыць і працаўладкавацца).

Пергаеў — берасцеец. Затрыманы ў лютым 2025 года. Знаходзіцца за кратамі, прызнаны палітзняволеным. Яго асудзіў Берасцейскі абласны суд па ч.3 арт.361 ды ч.1 арт.130 КК (публчныя заклілі да санкцый, распальванне варожасці). Дакладны прысуд невядомы, але звязаны з пазбаўленнем волі.

Прыгодзіч — пінчук. Яго завочна ажно па 5 артыкулах, якія выкарыстоўваюцца ў палітычных справах (ч.1 арт.368, ч.3 арт.361-1, ч.1 арт.130, атр.369, ч.1 арт.369-1). Справу разглядаў Гомельскі абласны суд завочна — ў адсутнасць Прыгодзіча. І завочна мужчыне далі 5 гадоў калоніі, а таксама штраф.

Ва ўсіх трох мужчын менавіта (палітычныя) прысуды пазначаны як нагода, чаму сілавікі абвясцілі іх гучным словам «тэрарыст».
Нагадаем, што беларускія ўлады прыкрываюцца барацьбой з «экстрэмізмам» і «тэрарызмам» для ажыццяўлення рэпрэсій.
2026-07-28 13:54