Беларусаў замежжа будуць пазбаўляць грамадзянства?
На навінавых парталах Віцебшчыны пачалі падымаць тэму пазбаўлення грамадзянства беларусаў. Недзе спасылаліся на мясцовую пракуратуру, недзе гэта аўтарскія артыкулы. Далей развіваць тэму ў сацсетках сталі акаўнты з праўладнай пазіцыяй. Калі коратка, то гаворка вядзецца пра тое, каб пазбаўляць грамадзянства беларусаў, якія выехалі за мяжу, а таксама высланых рэжымам палітвязняў.
Па меркаванні палітолага Змітра Балкунца, Лукашэнка не выйшаў з 2020 году, калі добра зразумеў сваю паразу — таму не сціхаюць рэпрэсіі і выдумваюцца ўсё новыя формы помсты тым, хто выйшаў бараніць свой выбар. Лукашэнку падаецца недастатковым калечыць людзей у турмах, забіраць маёмасць, трымаць на кантролі ўсё грамадства, высылаць людзей за межы Беларусі пасля вызвалення з яго палону — ён вырашыў распраўляцца з ворагамі шляхам пазбаўлення грамадзянства.
Але Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, артыкул 10 гэтага не дазваляе рабіць,гаворыць сябра праваабарончага цэнтра «Вясна» Алег Мацкевіч. Згаданы артыкул кажа: «Ніхто не можа быць пазбаўлены грамадзянства РБ альбо права змяніць грамадзянства». Мацкевіч працягвае:
— Адначасова ў Канстытуцыі прапісана, што набыццё альбо спыненне грамадзянства ажыццяўляецца ў адпаведнасці з законам. А ў законе аб грамадзянстве РБ прапісаны падставы для спынення грамадзянства РБ. Агулам жа, да 2021 года там не было такіх падстаў, як удзел у экстрэмісцкім фармаванні, асуджэнне ў сувязі з экстрэмісцкай дзейнасцю альбо нанясенне шкоды РБ. Такая папраўка была ўнесена ў гэты закон у 2021 годзе, што можна пазбавіць грамадзянства людзей, якія не з'яўляюцца грамадзянамі РБ ад нараджэння. А ў 2023 па другой папраўцы ўжо можна пазбаўляць грамадзянства і тых, хто нарадзіўся ў Беларусі. Хаця гэта супярэчыць не толькі Канстытуцыі, але і міжнародным нормам. У Міжнародным Пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах (а Беларусь з'яўляецца ўдзельніцай гэтага Пакта), а таксама ў дакументах АБСЕ, якія з'яўляюцца для Беларусі абавязковымі, прапісана, што чалавек не можа быць пазбаўлены адвольна грамадзянства і дзяржавы павінны пазбягаць гэтага працэсу.
Пакуль гэта заканадаўчы каркас. Мінск публічна не абвяшчаў запуску працэдур, аднак улады ўжо адпрацоўваюць сумежныя інструменты. Напрыклад, вядомыя выпадкі анулявання пашпартоў у вызваленых палітзняволеных (у тым ліку Алеся Бяляцкага), што фармальна не пазбаўляе грамадзянства, але ўскладняе жыццё чалавека за мяжой.
Паводле Змітра Балкунца, гэта не новаўвядзенне Лукашэнкі: такімі прыёмамі карыстаўся Гітлер, які пазбавіў грамадзянства ў 1930-я гады Нобелеўскага лаўрэата Альбэрта Энштэйна, пісьменніка Томаса Мана. У 1940-ыя гады быў пазбаўлены грамадзянства Шарль дэ Голь рэжымам Вішы ў Францыі. Пазбаўляў грамадзянства лепшых сваіх грамадзян і савецкі рэжым. Дыктатары гэта рабілі дзеля свайго ўтрымання ва ўладзе, але гісторыя расставіла ўсё на свае месцы. І калі Лукашэнка дойдзе і да такога, то гэта будзе працяг яго паразы, гаворыць Зміцер Балкунец.