Пра людзей

"Сказалі, калі не дам паролі, то будуць катаваць, як Дзядка". Палітвязень Казлянка з СІЗА распавёў пра катаванні пры затрыманні і ўмовы на "Валадарцы"

37-гадовага палітзняволенага актывіста
з Брэста Аляксандра Казлянку жорстка затрымалі раніцай 2 сакавіка на вачах маці і бацькі, паклаўшы яго на падлогу тварам уніз. Мужчыну адвезлі ў Мінск і змясцілі пад варту ў СІЗА-1, дзе ён і знаходзіцца па гэты час.

Аляксандру прад'явілі абвінавачванне па арт. 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяннях) і па ч. 2 арт. 285 Крымінальнага кодэкса (стварэнне злачыннай арганізацыі альбо ўдзел у ёй). Вядома, што ў аснову абвінавачвання па арт. 342 КК лёг эпізод з перакрыццём дарог ў Брэсце ажно ў 2018 годзе: 5 траўня таго году анархісты блакавалі тры паласы трасы М1, пратэстуючы супраць будаўніцтва заводу АКБ. Палітвязень Аляксандр Казлянка распавёў з СІЗА-1 пра сваё затрыманне, катаванне супрацоўнікамі ГУБАЗіКа, пра ўмовы ўтрымання і эпідэмію на "Валадарцы".  

Потым я месяц вялікі палец левай рукі не адчуваў

"2 сакавіка каля 8 раніцы мяне затрымалі дома брэсцкі АМАП і мінскі ГУБАЗіК. Мяне даставілі ў брэсцкі аддзел ГУБЗіКа, дзе прыкавалі ў дзяжурным памяшканні да кратаў, задраўшы рукі за спіной у стаячым становішчы. Каб стаяць у больш менш зручнай позе, даводзілася падымацца на кукішкі. У такім становішчы прастаяў каля гадзіны і адзін раз амаль страціў прытомнасць. Затым падышоў адзін з мінскага ГУБЗіКа і сказаў, што калі я не дам паролі ад ноўтбука і тэлеграма, то мяне будзе катаваць, як Мікалая Дзядка. Я падумаў, што не гатовы да катаванняў з-за гэтых пароляў і пагадзіўся іх даць (потым яшчэ даў пароль ад кнопкавага тэлефона).

Увогуле ў брэсцкім ГУБАЗіКу прабыў паўтары гадзіны. Затым мяне завялі ў бус і пасадзілі на падлогу, рукі былі ў кайданках за спіной. У гэты ж бус завялі і гэтак жа пасадзілі Андрэя Марача і трох невядомых мне людзей. Нас пецярых павезлі ў Мінск у Следчы камітэт (у агульнай складанасці ў мяне рукі за спіной у кайданках былі гадзін 7, а потым я месяц вялікі палец левай рукі не адчуваў).

Як толькі перад СК мяне вывелі з буса, кіраўнік следчай групы Цыбульскі І. А. пачаў пагражаць, што калі я не пайду на супрацоўніцтва са следствам, то паеду ў лагер на сем гадоў. Я адмовіўся супрацоўнічаць. У прыбіральні СК два [супрацоўнікі] ГУБЗіКі знялі мяне на відэа. Я адмовіўся называць на відэа свае дадзеныя і казаць пра сябе, з-за чаго адзін з іх ударыў мяне кулаком у грудзі. Я для сябе вырашыў, што не буду на камеру нічога казаць, нават калі будуць катаваць. Мне трохі пагразілі, але больш не білі, хоць я так нічога і не сказаў. Пасля гэтага адвялі ў кабінет, дзе следчы СК склаў на мяне пратакол паводле арт. 285 ч.2 і 342 ч.1.


Ён зафіксаваў мае словы, што я лічу сваё затрыманне незаконным, ні ў якой групоўцы не знаходжуся, адмаўляюся ад дачы паказанняў, гатовы прайсці на паліграфе, што не перакрываў трасу ў 2018 годзе і яшчэ адмовіўся ад дзяжурнага адваката. Следчы мне адкатаў пальцы і выпісаў затрыманне на 10 сутак па арт. 108 і 110 КПК. Пасля гэтага ГУБАЗіКі забралі ў мяне пастанову выпісаную следчым праз тое, што  я адмовіўся падпісваць нейкія дакументы і павезлі разам з астатнімі брэсцкімі хлопцамі на Акрэсціна — гэта было ўжо 10 вечара".  

«На мяне рапарт склалі нядаўна, што я ў 06:05 яшчэ не ўстаў са шконкі»

"Трохі па СІЗА-1: закрану дзве тэмы, якія больш за ўсё хвалююць людзей:

Першае — гэта лісты. З сярэдзіны красавіка цэнзары зноў перасталі прапускаць лісты. Я з 12 красавіка па 9 траўня атрымаў усяго тры лісты. У іншых людзей у камэры сітуацыя не лепш. Раней кожны дзень на камеру прыходзіла лістоў шэсць, не менш. У гэтпрыведзены мной перыяд (12 красавіка — 9 траўня) даходзіла, што камера два дні запар была без лістоў. З 10 мая сітуацыя стала крыху лепш, але менавіта крыху. Напрыклад, мне прыйшоў ліст ад Святланы з Мінска, якая казала, што пакуль адказу ад мяне не атрымала, але ўсё роўна піша. Ліст быў пранумараваны пад нумарам пяць. Вырашыць дадзенае пытанне не атрымліваецца. Пытаемся выхавацеля. Яна прыходзіць і кажа, што толькі кур'ер, размаўляйце з операм. Опер прыходзіць і кажа, што гэта не па яго часткі, усе пытанні да выхавальніка. Скідваюць адказнасць адзін на аднаго. А цэнзара не выклічаш. Ён вольнанаёмны. Круг замкнуўся. Спытаць няма з каго. Сітуацыя як і ў іншых дзяржорганах па ўсёй краіне.

Другое — вентыляцыя. Праблема ўзнікае, калі на вуліцы стабільна трымаецца тэмпература +20-25 градусаў, а калі вышэй, то зусім піпец. Памяшканне дрэнна вентылююць. У тым ліку з-за «раснічак» на акне. З-за іх у камеру не трапляе натуральнае сонечнае святло ад слова зусім. Да вечара ў камеры становіцца цяжка дыхаць, непрадыхлівае паветра, кіслароду не хапае. З-за гэтага цяжка заснуць і не ўсе прачынаюцца ў 6:00 па сігнале, таму што не выспаліся. На мяне так рапарт склалі нядаўна, што я ў 06:05 яшчэ не ўстаў са шконкі. На абыходзе я падняў гэтае пытанне. Мне сказалі, што пастараюцца вырашыць праблему. Пры чым тут заўсёды так адказваюць, калі не хочуць вырашаць праблему".

Медыцынская частка ўся забітая цяжкімі выпадкамі кароны

"З чэрвеня на Валадарцы бушуе карона. На нашым паверсе зачыненыя з сярэдзіны чэрвеня на каранцін камеры 67, 68. У 66, нашай, з 11 чалавек хварэе чатыры. У іх адсутнічае смак і нюх (нас не зачынілі на каранцін, таму што хварэе менш за палову). Дакладна зачынена на каранцін камера 54 яшчэ. Адзін хлопец з нашай камеры прасіўся ў медыцынскую частку. Лекар паглядзеў, што ў яго тэмпература 37 і сказаў — не, бо медыцынская частка ўся забітая цяжкімі выпадкамі кароны".

Зубы металашукальнікам празваніваюць.

"Зараз з-за выпадку са Сцёпай Латыпавым людзей перад судамі і пасля судоў шманаюць па чатыры разы з ног да галавы. Нават зубы металашукальнікам празваніваюць, каб ніхто ў роце «мойку» (мяркуецца, што горла Латыпаў парэзаў мойкай) не пранёс. 27 красавіка мяне паставілі на прафулік (схільны да экстрэмізму) на пытанне: «На якой падставе», адказалі: «З-за артыкула, які ставяць у віну». Гэта значыць, мая віна яшчэ не даказаная, а схільнасць да экстрэмізму ўсё роўна прысутнічае".

Аляксандр Казлянка прызнаны палітвязнем, падтрымаць яго лістамі і паштоўкамі можна па адрасе: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Крыница: Вясна

Made on
Tilda