Навіны

Палітзняволенай з Пружанаў, якой прад'яўлены абвінавачванні па 2 артыкулах, следчы хоча дадаць яшчэ 5

Палітзняволеныя Ігар і Юлія Лаптановічы з дзецьмі

Днямі брэсцкай "Вясне" стала вядома: Юліі Лаптановіч следчы паведаміў, што следства скончыцца з 7(!) крымінальнымі артыкуламі. Адзін з першапачатковых пакінуць без зменаў, адзін зменяць, ды дададуць яшчэ пяць.

Такім чынам, Юлію збіраюцца абвінаваціць па наступных артыкулах Крымінальнага кодэксу:
🔹 ч.3 арт.203-1 "Незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных" (тут без зменаў);
🔸 ч.1 арт.361-4 "Спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці" (змянілі з арт.361-2, з "Фінансавання экстрэміскай дзейнасці");
🔺 арт.188 "Паклёп" (новы артыкул);
🔺 два разы будзе ч.6 арт.16 + ч.1 арт.366 "Садзейнічанне гвалту або пагрозе ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі" (новыя артыкулы);
🔺 ч.1 арт.13 і арт.369 "Садзейнічанне абразе прадстаўніка ўлады" (новы артыкул);
🔺 ч.1 арт.13 і арт.389 "Садзейнічанне пагрозе ў дачыненні да суддзі або народнага засядацеля" (новы артыкул).

Нагадаем, што Юлію Лаптановіч затрымалі 13 кастрычніка 2021. Да гэтага ўжо быў асуджаны яе муж Ігар (прызнаны палітзняволеным, атрымаў 2.5 гады калоніі). Атрымала раней палітычна матываваны прысуд і Юлія: ёй ужо прызначылі "дамашнюю хімію" па "карагоднай справе" з-за брэсцкай акцыі пратэсту 13.09.2020. У сям'і Лаптановічаў у Пружанах засталіся трое непаўналетніх дзяцей, па якіх служба апекі прыйшла тады ж, калі затрымлівалі Юлію, 13.10.2021 (але дзяцей удалося адстаяць).
Made on
Tilda