Навіны

Паліна Шарэнда-Панасюк абскарджвае свой арышт да суда і ўтрыманне ў ІЧУ Рэчыцкага РАУС

Паліна Шарэнда-Панасюк. Фота: Радыё Свабода
Стала вядома, што ў Рэчыцкім судзе раніцай 6 верасня 2023 будуць разгледжаны скаргі палітзняволенай Паліны Шарэнды-Панасюк на змяшчэнне яе пад варту падчас следчых дзеянняў па новай справе і накіраванне ў ІЧУ Рэчыцкага РАУС з вельмі дрэннымі побытовымі ўмовамі, а таксама накіраванне на судова-псіхіятрычную экспертызу ў Рэспубліканскі цэнтр псіхічнага здароўя «Навінкі». Разглядаць скаргі будзе суддзя Генадзь Шэвель. Таксама стала вядома, што ў гэты суд накіравана крымінальная справа па арт.411 КК — злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі, якая будзе разгледжана на працягу месяца. Мяркавана, яе таксама будзе разглядаць Генадзь Шэгель, кажа муж Паліны Андрэй Шарэнда.

Паводле Андрэя Шарэнды, сённяшняе паседжанне мае проста тэхнічны характар, зразумела, што Паліну пакінуць пад вартай. Але, магчыма, стане вядомай дата разгляду новай крымінальнай справы.

На дадзены момант Паліна знаходзіцца ў гомельскім СІЗА №3, але тое што справа будзе разглядацца ў рэчыцкім судзе азначае, што перад разглядам асноўнай справы Паліна зноў будзе перавезена ў ІЧУ Рэчыцкага РАУС.

У рэчыцкім ІЧУ Паліна вымушана была аб'явіць галадоўку, пратэстуючы супраць катавальных умоваў. Перабыванне ў ІЧУ выклікала вострыя болі ў спіне і хрыбетніку, якія цяпер мучаць жанчыну.

Нагадаем, што першапачаткова Паліна Шарэнда-Панасюк была пакарана 2 гадамі калоніі агульнага рэжыму нібы за гвалт у адносінах да міліцыянтаў, якія сілавым метадам уварваліся да яе ў кватэру, а таксама за абразу Лукашэнкі і прадстаўніка ўлады. Тэрмін быў падоўжаны яшчэ на год перад выхадам Паліны з калоніі нібы за злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі. У гэтым годзе яна павінна была выйсці на волю 6 жніўня, але зноў была заведзена справа за непадпарадкаванне адміністрацыі.

Чытайце далей:
Made on
Tilda