Навіны

Уладзіміру Гундару дазволілі ўколы ад асноўнай хваробы

Упершыню за 4 гады зняволення
Уладзімір Гундар да зняволення
Як стала вядома берасцейскай «Вясне» ад дасведчанай крыніцы, баранавіцкаму палітвязню Уладзіміру Гундару у магілёўскай турме ўпершыню за амаль 4 гады зняволення дазволілі патрэбныя ўколы ад сасудзістай хваробы ног. Менавіта з-за гэтай хваробы мужчына ў 38 гадоў страціў нагу. Два разы на год яму было патрэбна калоць гэтыя ўколы. Але ні ў Берасці, ні ў Горадні, дзе ён утрымліваўся да суду, медыкі не дазвалялі і на просьбы родных гаварылі «не». Блізкія баяліся, што праз тое, што Уладзімір не атрымліваў патрэбнае лячэнне, ён можа страціць і другую нагу.

Трэба адзначыць, што апошнім часам ад Гундара сям'я рэгулярна атрымлівае лісты, і раз у месяц мае магчымасць пагаварыць 15 хвілін. Праўда, перадачы забаронены да 1 сакавіка 2025 г. Уладзімір знаходзіцца толькі на бедным турэмным харчаванні. Зноў на год працягнута забарона на кароткатэрміновую сустрэчу без тлумачэння прычын.

Нагадаем, што палітвязень, інвалід 2 групы Гундар асуджаны па некалькіх палітычных справах, агулам пакараны 20 гадамі калоніі. Адбываў пакаранне ў бабруйскай калоніі, потым пераведзены ў магілёўскую турму, дзе знаходзіцца дагэтуль.
Made on
Tilda