Беларусы ў Варшаве ўшанавалі памяць ахвяр сталінізму і нацызму
23 жніўня, у Агульнаеўрапейскі дзень памяці ахвяр сталінізму і нацызму, беларусы сабраліся ля Катыньскага помніка на Замкавай плошчы ў Варшаве. Удзельнікі ўсклалі кветкі і запалілі знічы ў гонар ахвяр масавых расстрэлаў і дэпартацый.
Адкрыў акцыю ксёндз Вячаслаў Барок. Ён звярнуў увагу прысутных на тое, што касцёл прапануе будаваць грамадства на каштоўнасцях праўды, справядлівасці і салідарнасці — чаго няма ў краінах з аўтарытарнымі, таталітарнымі рэжымамі. Барок казаў, што рэжым у Беларусі перарастае на больш жорсткі, гэты рэжым пакуль дзіцё камуністычнага, які ў свой час панаваў у Савецкім Саюзе. І што калі нехта сумняваецца ў гэтым, няхай паглядзіць на сучасную Беларусь і яе «герояў»: вы ўбачыце там помнікі Леніну, Дзяржынскаму, Калініну і іншым катам. Яны стаяць і ўшаноўваюцца.
Дата 23 жніўня была абраная невыпадкова: менавіта 23 жніўня 1939 года быў падпісаны дагавор аб ненападзе паміж Германіяй і Савецкім Саюзам (так званы «Пакт Молатава-Рыбентропа»), сакрэтны дадатак да якога прадугледжваў падзел Усходняй Еўропы на сферы ўплыву паміж дзвюма таталітарнымі дзяржавамі, гаворыць даследчык сталінскіх рэпрэсій Ігар Станкевіч. Менавіта Пакт стаў вырашальным у распачынанні самай крывавай Другой сусветнай вайны.
Арганізатар акцыі, лідар Руху Салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык падкрэсліў, што гэты дзень не проста чарговая дата, а напамін пра трагедыі, якія дзве таталітарныя ідэалогіі XX стагоддзя прынеслі чалавецтву. Ён таксама адзначыў, што гэта момант адказнасці за будучыню, у якой не будзе месца рэпрэсіям або пераследу і што мы павінны перадаць гэтую памяць нашым дзецям, каб яны ведалі праўду і ўмелі яе абараняць.