Навіны

Беларусы Варшавы не забылі

І паказалі гэта чарговай акцыяй
16 жніўня 2020 года ў Менску, Берасці, Пінску, Ганцавічах, Бярозе, Белаазёрску і ў шмат іншых гарадах Беларусі адбыліся найбуйнейшыя за гэты час мітынгі пратэсту. Плакаты «Сыходзь!», шмат бел-чырвона-белых сцягоў, у руках бел-чырвона-белыя кветкі... І гэта было не пад прымусам, людзі выйшлі бараніць свае правы. За часы пратэсту з 9 жніўня ўжо былі забіты Генадзь Шутаў, Аляксандр Тарайкоўскі, Аляксандр Віхор.

Таму беларусы Варшавы выйшлі 16 жніўня 2026 года ў цэнтр польскай сталіцы, каб напомніць ўсяму свету пра трагедыю беларусаў, якіх у 2020 жорстка білі, ламалі рукі і ногі, кідалі за краты, рабілі інвалідамі і забівалі. Рэжым да гэтага часу помсціць годным беларусам за 2020 год. У краіне жорсткі тэрор і сачэнне за кожным.

На акцыі ў Варшаве людзі гаварылі пра немагчымасць далейшага такога існавання беларусаў у цэнтры Еўропы, пра тое, што нічога не забыта (хаця й час няўмольна бяжыць), але пакаранне для тых, хто вінаваты ў забойстве людзей ў 2020 і далей, у садызме па адносінах да свайго народу, павінна адбыцца.

Пачалася акцыя з хвіліны маўчання, былі запалены свечкі. Людзей было не шмат, але акцыі не спыняюцца і не спыняцца, пакуль сядзяць палітвязні, кажа арганізатар акцыі, сябра Беларускай асацыяцыі палітвязняў «Да волі» Васіль Плешкуноў.

Скончылася акцыя традыцыйным агульным здымкам для гісторыі барацьбы беларусаў за праўду, справядлівасць і законнасць.

Чытайце таксама:

Сутыкнуліся з парушэннем правоў?
Пішыце нам. Гэта бясплатна, бяспечна, ананімна
Made on
Tilda