Навіны

Былога палітвязня Юрыя Касцюка, якога затрымалі ў Расеі ды там трымалі пад вартай, экстрадуюць у Беларусь [Абноўлена]

Ён застаецца пад вартай

Юрый Касцюк

Нагадаем, у лістападзе 2020 года Юрый быў асуджаны за тое, што дзёрнуў дзяржаўны сцяг ды той упаў на зямлю. Гэтае кваліфікавалі як «здзек з дзяржаўнай сымболікі» (артыкул 370 Крымінальнага кодэкса) і прызначылі 1 год так званай «хіміі».

Але ж з «хіміі» хлопца потым перавялі ў турму. З-за чаго гэтае адбылося, мы пісалі тут (калі коратка, то за тое, што Юрыю не давалі высыпацца, ды ён засынаў у недазволены на тое час).

6 студзеня 2022 года Юрый выйшаў з калоніі №3, але ж 15 лютага яго ізноў затрымалі. Далі 15 сутак за нібыта «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (ч.2 арт.19.11 КоАП). Пасля адміністрацыйнага арышту хлопец на час знік, але ж 15 траўня знайшоўся — яго затрымалі ў расейскім горадзе Сочы. З таго дня ён быў у няволі ў расейскіх ізалятарах.

А13 кастрычніка 2022 года Юрыя экстрадуюць ў Беларусь, паведамілі берасцейскай «Вясне». Пакуль што хлопец знаходзіцца на тэрыторыі Расеі. У Беларусі яго падазраюць у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса) праз уlзел у тэлеграм-чаце «Волейбол по выходным» (чат аб’ядноўваў палітвязняў, асуджаных на «хімію»). З-за гэтага чату КДБ 15 лютага ладзіла рэйды ў адбываючых пакаранні на «хіміі».

У першапачатковым варыянце тэксту было памылкова ўказана, што 13.10.2022 Юрыя ўжо прывезлі ў Беларусь. Прыносім свае прабачэнні.
2022-10-13 13:12