Навіны

«Немножко я расстроен, что ем зубра. Но это вкусно»

На Зубр-фэсце ў Белавежскай пушчы абраныя ласаваліся мясам зубра
25-26 верасня 2026 ў Белавежскай пушчы праходзіў «Зубр-фэст». Для публікі былі конкурсы, канцэрты з расейскімі і беларускімі выканаўцамі, салют.

А яшчэ асобная праграма была для блогераў. Як вынікае з відэа блогера Пал Ваныча, ім падавалі для дэгустацыі каўбасу з мяса зуброў. Пал Ваныча пачаставаўся каўбасоў ды пракаментаваў на сваім відэа: «Немножко я расстроен, что ем зубра. Но это вкусная говядина». Гэта заўважыла Наша Ніва.

Нагадаем, што зубр працягвае заставацца ў Чырвонай кнізе Беларусі. Але, як разабраліся журналісты BGmedia, магчымыя варыянты, калі чырвонакніжную жывёлу маглі забіць законна.

Тым не менш, у каментатараў у інтэрнэце з'яўляюцца пытанні адносна таго, чаму з сімвала пушчы робяць каўбасу. Ды яшчэ падаюць да стала на фэстывалі, які мае назву «Зубр-фэст».
А ўладам эксперымент з правядзеннем Зубр-фэста спадабаўся. Ужо прапанавана яго зрабіць штогадовым, а на наступны год зрабіць нашмат больш маштабным. Гэта паспеў заявіць старшыня Берасцейскага аблвыканкама Пётр Пархомчык дзяржаўнаму выданню БелТА.

Хаця сам фестываль з'явіўся пасля грамадскага рэзананса наконт гучнага тэхна-фестываля, які збіраліся зладзіць пасярод пушчы. У выніку тэхна-рэйв спачатку перанеслі на пазнейшы тэрмін, а ў рэшце рэшт адмянілі. На яго месцы з'явіўся з зусім іншай праграмай «Зубр-фэст», дзе ўлічылі частку з заўваг наконт недапушчальнасці правядзення гучных мерапрыемстваў побач з прыродаахоўнай тэрыторыяй. Такім чынам, планы па павялічэнні маштабу «Зубр-фэста» могуць зноў выклікаць крытыку з боку эколагаў і неабыякавых грамадзян.

Чытайце таксама:

Сутыкнуліся з парушэннем правоў?
Пішыце нам. Гэта бясплатна, бяспечна, ананімна
2026-09-28 17:52