Навіны

З палітвязнем Уладзімірам Гундарам наладзілася сувязь

Як вядома берасцейскай «Вясне» са сваіх крыніц, родным Гундара сталі рэгулярна прыходзіць лісты ад баранавіцкага палітвязня. Апошні ліст прыйшоў 28 кастрычніка 2023. Праўда, кароценькага зместу і толькі пра патрэбы. Так, напрыклад, ён папрасіў у родных даслаць патрэбныя рэчы з адзення-абутку і таксама рацэпт лекаў, выпісаных хірургам па асноўнаму захворванню, калі яшчэ сядзеў у Брэсце.

Гундар моцна пахудзеў, але пачувае сябе не кепска. Атрымлівае на пастаяннай аснове таблеткі ад ціску. Слых прышоў у норму, а вось зрок падае.

Нагадаем, што ў траўні-2023 Гундар цалкам аглух пасля карцара. У ліпені слых вяртаўся, але не канчаткова (ён не дачуваў).

Забароненыя расліны

А вось ліст, якія родныя даслалі да Уладзіміра, і дзе быў пакладзены засушаны маленькі прыгожы кляновы лісточак, цэнзары (на жаль) не прапусцілі: вярнулі з прыпіскай, што ліст вяртаюць з-за «сухого растения в конверте». Хаця можна было проста выкінуць той лісточак, а само пісьмо аддаць.

Палітвязню Гундару можна штомесяц атаварвацца на 2 базавых, то бок на 74 рублі ў турэмнай краме, паўтары гадзіны быць на прагулцы. Калі не зменяць рэжым.

Нагадаем, што Уладзімір Гундар знаходзіцца ў крытай магілёўскай турме №4 з 9 кастрычніка 2023. Перавезлі яго ў турму на тры гады з бабруйскай калоніі №2 па рашэнню суда. Пакуль вязень быў у калоніі, апошнія 2.5 месяцы ад яго зусім не прыходзілі лісты.

Асуджаны палітвязень да 20 гадоў калоніі. З іх 18 гадамі па «справе» Аўтуховіча.
2023-11-11 20:48