Судовыя паседжанні

За тэлеграм-чат «Жыве Лунінец!» пачалі судзіць мужчыну па 5 артыкулах

Высветілася, што ён былы сілавік. Суд закрылі
Аляксандр Сумар. Фота: сацсеткі
6 лютага 2023 года ў Берасцейскім абласным судзе пачалі разглядаць крымінальную справу супраць Сумара Аляксандра Васільевіча. Дзяржаўнае абвінавачванне прадстаўляе Аляксандр Богуш, суддзёй выступае Вера Філонік.

Пра Сумара вядома, што ён раней жыў у Лунінцы, але ж апошнім часам пражываў у Маскве (Расея). Затрыманы 27 ліпеня 2022 года, і з таго моманту пад вартай.

Адміністратар чату, усе 5 артыкулаў прад'явілі праз гэтае

Сумара абвінавачваюць адразу па пяці крымінальных артыкулах. Паколькі пра гэтую справу ўжо пісала пракуратура пасля накіравання матэрыялаў у суд, то вядома, за што дакладна прад'явілі столькі артыкулаў. Так, па версіі абвінавачвання, мужчына са жніўня 2020 года да 26 ліпеня 2022 года быў адміністратарам тэлеграм-чату, які 10.08.2021 Ленінскім судом Берасця быў прызнаны экстрэміскімі матэрыяламі (пад гэтае апісанне падыходзіць чат «Жыве Лунінец!»). Ужо пасля таго, як Сумар быў затрыманы, 24.11.2022 чат прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем». Але ж нягледзячы на тое, што пасля 24.11.2022 Сумар не мог «кіраваць» экстрэмісцкім фармаваннем (чым зараз лічаць чат «Жыве Лунінец!» беларускія ўлады), яму прад'явілі абвінавачванні па ч.1 арт.361-1 з фармулёўкай «кіраваў экстрэмісцкім фармаваннем».
Пракурор Аляксандр Богуш. Крыніца: відэа ТРК Брэст
З 1 да 13 сакавіка 2022 у тым жа чаце, паводле пракуратуры, Сумар пісаў паведамленні, «у якіх адкрыта заклікаў да акту тэрарызму, іншых дзеянням, якія накіраваныя на прычыненне шкоды нацыыянальнай бяспекі краіны». Што гэта былі за паведамленні, у берасцейскай «Вясны» не атрымалася высветліць: з 27.02.2022 у чаце стаіць аўтавыдаленне паведамленняў, якія старэйшый за 1 тыдзень. За такія паведамленні Сумару прад'явілі абвінавачванне па ч.3 арт.361 Крымінальнага кодэксу (Заклікі да санкцый).

Таксама, паводле пракуратуры, адміністратар чату «заахвочваў яго карыстальнікаў да наўмысных дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч.1 арт.342 КК), «публікаваў у чаце тэксты, у якіх змяшчаліся паклёпніцкія звесткі пра Прэўідэнта Беларусі» (ч.2 арт.367 КК), «публікаваў публічныя абразы прадстаўніка ўлады» (арт.369 КК).

Былы сілавік, абражаным па справе праходзіць яго былы калега

На судзе, які пачынаўся ў адкрытым рэжыме, паспела прагучаць тое, чаго раней не было ў публічнай прасторы па гэтай справе: у 2006 годзе Сумар працаваў у лунінецкім РАУС (у якасці эксперта экспертна-крыміналістычнай службы). Як доўга ён заставаўся ў ворганах, невядома.
Чаму гэты 2006 год прагучаў на судзе: менавіта тады Сумар супрацоўнічаў з Віталем Рылачам. Па нашых дадзеных, Рылач праходзіць у якасці пацярпелага ад Сумара (па арт.369). Да нядаўняга Рылач з'яўляўся кіраўніком лунінецкага РАУС.
Злева: Віталь Рылач. Крыніца: gaibrest.by
Але ж затым судовае паседжанне было закрыта па хадайніцтву пракурора.
Вядома, што другі судовы дзень пройдзе 8 лютага 2023.
Made on
Tilda