Навіны

Паліна Шарэнда-Панасюк і надалей застаецца без лекаў

Паліна Шарэнда-Панасюк. Фота: асабісты архіў сям'і Шарэндаў
Як стала вядома Берасцейскай Вясне, сваякі Паліны змаглі сустрэцца з ёй у гомельскім СІЗА. Падчас спаткання Паліна распавяла, што лекар гомельскага СІЗА сваім спісам дазволіў палітзняволенай атрымаць неабходныя лекі. Яна спрабавала напісаць маці, якія лекі ёй патрэбны і што дазвол на іх ёсць — але гэтыя лісты да маці не дайшлі.
Тады Паліна палажыла спіс дазволеных лекаў у капэрту разам з лістом да маці, але на вачах Паліны яго парэзалі.
Хаця без гэтых лекаў Паліне вельмі цяжка трываць. Фізічна Паліна вельмі здала. На думку родных, да канца турэмнага зняволення Паліна можа проста не дацягнуць. Яна паспрабуе трапіць да лекара яшчэ раз, але не факт, што ён паўторна дасць ёй гэты спіс.

Таксама Паліна распавяла пра ўмовы ў рэчыцкім ІЧУ, дзе яе трымалі перад і пасля суда. Там ёй не выдалі там ні матраца, ні бялізны, яна спала на падлозе. Тэмпература ў камеры была ніжэй 5 градусаў. Крыху палепшыла сітуацыю цёплае адзенне, якое атрымалася перадаць сваякам пасля суда. Такія бесчалавечыя ўмовы маглі даць ўскладненне на ныркі: па словах родных, у Паліны вельмі ацёклы твар. На фоне яе худобы гэта выглядае катастрафічна.

Яшчэ стала вядома, што Паліна Шарэнда-Панасюк падала касацыйную скаргу на рашэнне суда рэчыцкага раёна ад 9 кастрычніка. Пакуль яна будзе знаходзіцца ў гомельскім СІЗА і ёй можна дасылаць маленькія бандэролі і грашовыя пераводы. Хаця з атрыманнем бандэроляў таксама ёсць праблемы: «адміністрацыя СІЗА любіць патрымаць пасылкі і бандэролі на складзе тыдзень-два, перад тым як перадаць Паліне», адзначае муж Паліны Андрэй Шарэнда. Таму пажадана класці ў іх тыя прадукты, які доўга не псуюцца.

Чытайце далей:
Made on
Tilda