Навіны

Прадуктовую перадачу для Паліны Шарэнды-Панасюк зноў не ўзялі

Паліна Шарэнда-Панасюк. Фота: асабісты архіў сям'і Шарэндаў
17 кастрычніка 2023 палітзняволеную Паліну Шарэнду-Панасюк перавялі з рэчыцкага ІЧУ ў гомельскае СІЗА. Сваякі сям'і Паліны раніцай пацікавіліся, ці можна перадаць ёй прадуктовую перадачу. Атрымаўшы згоду, яны сталі ў чаргу, каб перадаць свежую садавіну, гародніну і іншыя дазволеныя прадукты. Калі падышла чарга, то аказалася, што прыняць не могуць, бо ліміт вычарпаны. Нібыта Паліне перадалі зноў мех яблык. Хаця чалавека з мехам яблык у чарзе не было.

Выглядае так, што гэта звычайная правакацыя, каб пакінуць палітзняволеную без патрэбных ёй прадуктаў. Бо першага «дабрадзея», які прынёс 30-кілаграмовы мех паўгнілых яблык у мінулым месяцы, родныя так і не знайшлі. Дарэчы, Паліна на гэты раз ад яблык адмовілася.

Нагадаем, што палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк павінна была выйсці на волю 6 жніўня 2023 года. Але ёй у чарговы раз працягнулі тэрмін на год, за нібыта злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі.
Made on
Tilda