Судовыя паседжанні

Пінскаму святару далі 2 гады «хатняй хіміі»

Верагодна, па «справе Гаюна»
24 ліпеня 2026 года ў «спіс экстрэмістаў» дадалі Аляксея Пыцько. МУС у спісе адзначыў, што мужчыну асудзіў Берасцейскі абласны суд па ч.1, ч.2 арт.361-4 КК (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).
Нагадаем, што беларускія ўлады выкарыстоўваюць абвінавачванні ў «экстрэмізме» для цэнзуры ды пераследу за іншадумства.
Як паведамляе Хрысціянская Візія, гаворка пра праваслаўнага святару і шматдзетнага бацьку. Яму далі 2 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову. Пыцько родам з Лепеля, служыць у пінскай епархіі, разам з жонкай гадуе 5 дзяцей.

Сутнасць справы супраць святара дакладна невядомая. Але мяркуючы па артыкулу, гэта магла быць перадача інфармацыі ў «Беларускі Гаюн».
Даведка. «Справа Гаюна» — масавая рэпрэсіўная справа ў Беларусі. Распачалася пасля таго, як сілавікі атрымалі доступ да ўсіх паведамленняў, якія людзі напісалі ў «Беларускі Гаюн» — праект, які з лютага-2022 збіраў і публікаваў інфармацыю пра перасоўванне вайсковай тэхнікі па тэрыторыі Беларусі.
2026-07-24 13:34