29 кастрычніка 2025 года вечарам у Музеі Вольнай Беларусі прайшла вечарына памяці «Ноч (не)расстраляных паэтаў 1937—2025 гадоў». Сабралася шмат беларусаў, што нават не хапіла крэслаў для усіх жадаючых прыняць удзел у імпрэзе. Вядучымі на мерапрыемстве былі драматург і паэтка Дзіяна Балыка і акцёр Ігар Сігоў.
Пачаўся вечар памяці з хвіліны маўчання. Дзіяна Балыка чытала свае вершы. Але такая магчымасць была дадзена ўсім жадаючым. У гэтым і быў новы фармат вечара, які адрозніваўся ад двух папярэдніх (такія імпрэзы памяці ў Музеі правялі ўжо ў каторы раз). У гэтую сумную дату чыталі свае вершы былыя палітвязні і тыя, хто прыняў удзел у пратэстах, якія прымусова пакінулі Беларусь. Сярод выступоўцаў быў і пружанец, былы палітвязень Алег Кулеша (з яго турэмнай творчасцю можаце азнаёміцца на нашым сайце).
Чыталі на варшаўскай імрэзе вершы і тых паэтаў, якія былі расстраляны ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года. Выступоўцаў было шмат, прысутныя іх падтрымлівалі дружнымі апладысментамі. Былі праведзены паралелі паміж сталінскім і лукашэнкаўскім рэжымамі.
«Ноч расстраляных паэтаў» — гэта сімвал незаменнай страты і жорсткасці таталітарнага рэжыму ў адносінах да ўласнага народа і яго культуры.