Навіны

Чарговая акцыя ў салідарнасць з палітвязнямі

Акцыя беларусаў у Варшаве, 4 траўня 2023. Фота: Радыё Рацыя
У Варшаве ля будынка Еўракамісіі 4 траўня 2023 года ў чарговы раз прайшла акцыя салідарнасці беларусаў Варшавы з палітвязнямі. У ёй прынялі ўдзел 14 чалавек. Сярод удзельнікаў акцыі сябры партыі БХД, прадстаўнікі праваабарончага цэнтра «Вясна», галоўны рэдактар сайта «Хартыя 97» Наталля Радзіна, кіраўнік «Еўрапейскай Беларусі» Зміцер Бандарэнка.

Мэта акцыі застаецца ўсё тая ж: вызваленне беларускіх палітвязняў і прызнанне Беларусі акупаванай краінай. Усе ўдзельнікі акцыі адзінадушны ў адным: толькі ўзмацненне акцый дапаможа вызваленню ўсіх палітычных зняволеных. Паводле Наталлі Радзінай, трэба як мага больш праводзіць акцый салідарнасці з беларускімі палітвязнямі. На жаль, гэтыя людзі сёння забыты. І трэба сёння звяртаць увагу Захаду да сітуацыі з беларускімі вязнямі сумлення. Відавочна, што ўлады далі загад: забіваць людзей у беларускіх турмах.

На думку Зміцера Бандарэнкі, калі б не было абыходу санкцыяў, то і вайна ва Украіне была б скончана і вызвалілі б усіх палітвязняў. І таму абсалютна лагічна, што беларусы, якія выехалі за мяжу і жывуць у Варшаве, пікетуюць прадстаўніцтва Еўракамісіі ў Польшчы.

Адзін з заяўнікаў акцыі кіраўнік партыі БХД у Варшаве Яўген Дудкін запрашае беларусаў Варшавы прыходзіць на акцыю, якая павінна адыграць лёсавызначальную ролю ў пастаўленай мэце па вызваленню палітвязняў.

Чытайце таксама:
Made on
Tilda