Іншыя артыкулы

Прэміяй Сахарава сёлета ўганаравалі Міжнародны Крымінальны Суд

Гэты суд асуджае да зняволення ваенных злачынцаў, выдаў ордар на арышт Пуціна, раследуе генацыд палестынцаў
Аўтарства фота: Lina Selg / EPA
22 кастрычніка 2026 было абвешчана, што лаўрэатам прэміі імя Сахарава стаў Міжнародны Крымінальны Суд. За перыяд свайго існавання (з 2002 года) гэты суд паспеў асудзіць некалькі ваенных злачынцаў, а таксама адказных за злачынствы супраць чалавечнасці.

Нагадаем, што Міжнародны Крымінальны Суд за апошнія гады:
  • абвясціў у вышук Уладзіміра Пуціна ў межах справы аб вывазе (выкраданні) дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны
  • выдаў ордар на арышт вярхоўнага лідара Талібана ды міністра юстыцыі Афганістана ў 2025 годзе
  • выдаў ордар на арышт прэм'ер-міністра Ізраіля Нетаньяху і былога міністра абароны Ізраіля Галанта з-за прыкмет генацыду ў дачыненні да палестынцаў
  • абвясціў у вышук Радрыга Дутэртэ за тое, што ў 2011-2019 гадах, калі той быў прэзідэнтам Філіпін ды мэрам горада Давао, вёў «вайну супраць наркотыкаў» пры дапамозе масавых забойстваў, катаванняў і згвалтаванняў (і ўсе гэтыя рэчы з-за іх маштабу можна аднесці да злачынстваў супраць чалавечнасці). Дутэртэ на дадзены момант пад вартай, яго справу пачнуць разглядаць 30.11.2026

Што гэта за прэмія і хто выбірае пераможцаў

Прэміяй Сахарава адзначаюцца асобы ці арганізацыі, якія зрабілі ўнёсак у абарону правоў чалавека, бароняць свабоду слова. Доўгі спіс кандыдатаў на прэмію фармуе Еўрапарламент — заканадаўчы ворган Еўразвязу. Таксама частка Еўрапарламента выбірае пераможцу.

За час існавання прэміі ёй неаднаразова адзначалі людзей і суполкі з Беларусі

  • Так, у 2020 годзе пераможцамі стала «беларуская апазіцыя» (сярод яе прадстаўнікоў пералічваліся Алесь Бяляцкі, Святлана Ціханоўская, Сяргей Ціханоўскі і некаторыя іншыя)
  • У 2025 годзе адным з 2 пераможцаў стаў Анджэй Пачобут — актывіст польскай меншасці ў Беларусі
  • У 2006 годзе пераможцам быў Аляксандр Мілінкевіч — беларускі апазіцыйны палітык
  • У 2004 годзе пераможцай стала Беларуская Асацыяцыя Журналістаў — арганізацыя, якая займаецца абаронай журналістаў незалежных медыя, абаронай свабоды слова
Увогуле пераможцы і фіналісты гэтай прэміі нярэдка з'яўляюцца яскравымі прадстаўнікамі праваабарончага ці актывісцкага руху. Па іх можна вывучаць, з якімі праблемамі і выклікамі змагаюцца людзі ў розных кутах свету.
Злева: адна з дэманстрацый «Жанчын у белым», крыніца фота: Hvd69 / WikiCommon. Справа: затрыманне падчас такой акцыі ў 2010 годзе, аўтар: Adalberto Roque/AFP
Так, у 2005 годзе сярод пераможцаў аказаліся «Жанчыны ў белым» з Кубы — жонкі і сваячкі мясцовых палітвязняў, якія штонядзелю на знак пратэсту выходзілі ў белай вопратцы на імшы. За гэта жанчын перыядычна затрымлівалі. А іх блізкія мужчыны асуджаны на тэрміны аж да 28 гадоў за «прыналежнасць да нелегальных арганізацый», «супрацоўніцтва з замежнымі медыямі» і атрыманне грошай з ЗША.
Дзейнасць жа сёлетняга пераможцы прэміі, Міжнароднага Крымінальнага Суду, падабаецца не ўсім. Так, улады ЗША крытыкавалі ордар на арышт Нетаньяху ды раследванні паводзінаў жаўнераў ЗША ў Афганістане. 2 тыдні таму ЗША ўвялі санкцыі супраць Міжнароднага Крымінальнага Суду.

Чытайце таксама:

Сутыкнуліся з парушэннем правоў?
Пішыце нам. Гэта бясплатна, бяспечна, ананімна
Made on
Tilda