Навіны

Мужчыну з Берасця абвясцілі «тэрарыстам»

Яго асудзілі па артыкулах, па якіх судзілі ветэранаў Палка Каліноўскага
11 траўня 2026 года КДБ абнавіў «тэрарыстычны спіс».

Адтуль прыбралі імя Дзяніса Кабарана — экс-палітвязня з Жабінкі, які быў асуджаны па «справе Зельцара». Мужчына вызваліўся 2 гады таму.

Адначасова КДБ дадало ў спіс 62-гадовага жыхара Берасця Аляксандра Рудчыка. Журналісты «Нашай Нівы» высветлілі, што вядома пра мужчыну, і за што яго маглі асудзіць.

Паводле выдання, Рудчык нарадзіўся ў Расеі, там скончыў Вайсковы фінансава-эканамічны інстытут. Пазней служыў лейтэнантам. Потым пераехаў у Беларусь. З 2003 да 2019 меў у Беларусі ІП. У сацсетках не хаваў свае антыпуцінскія і антылукашэнкаўскія погляды. У 2022 годзе пераехаў у Польшчу, і яшчэ напачатку 2025 года выкладваў фота адтуль. Але па невядомых прычынах апынуўся ў Беларусі.

А па вяртанні з-за мяжы над Рудчыкам адбыўся суд, высветлілі журналісты. Справу разгледзеў Берасцейскі абласны суд па артыкулах «Стварэнне злачыннай арганізацыі» (ч.2 арт.285), «Удзел у тэрарыстычнай дзейнасці» (арт.290-3, ч.2 арт.290-4) і «Удзел ва ўзброеным канфлікце на тэрыторыі замежнай дзяржавы» (ч.1 арт.361-3).

Журналісты падкрэслілі: па такіх артыкулах раней судзілі толькі ветэранаў Палка Каліноўскага. Пры гэтым невядома, ці ваяваў сам Рудчык. Але вядома, што яму прысудзілі пазбаўленне волі.

І менавіта гэты прысуд КДБ пазначыла як нагоду, чаму мужчыну абвясцілі гучным словам «тэрарыст».

Чытайце таксама:

Сутыкнуліся з парушэннем правоў?
Пішыце нам. Гэта бясплатна, бяспечна, ананімна
2026-05-12 15:04