Іншыя артыкулы

МУС уключае ў «спіс экстрэмістаў» людзей, якіх суд не прызнаваў вінаватымі па «палітычнаму» артыкулу. Гэта ўвогуле законна?

Каментар юрыста


Па стане на 2 студзеня 2023 у Берасцейскай вобласці 464 чалавека Міністэрства унутраных спраў (МУС) унесла у «спіс экстрэмістаў» (афіцыйнай назва: «спіс асоб, датычных да экстрэміскай дзейнасці»). Для кожнага чалавека падставай для ўключэння ў гэткі спіс пазначана «рашэнне суда N. раёну па артыкулу X».

Пры гэтым у вобласці ўжо 4 чалавека трапілі ў спіс з фармулёўкай «на падставе рашэння суду N. па артыкулу 369 Крымінальнага кодэксу», а ў суседняй графе адзначана што чалавек (паводле гэтага рашэння) быў звольнены ад крымінальнай адказнасці праз выхад тэрміна даўніны.

Мы спыталі ў юрыдычнай службы ПЦ «Вясна», як з прававога боку можна ацаніць такія выпадкі: калі МУС уключае ў «спіс экстрэмістаў» людзей на падставе рашэння суду, згодна з якім чалавека звольнілі ад крымінальнай адказнасці (напрыклад з прычыны выхада тэрміна даўніны):
«У такім выпадку парушаецца норма Закону "Аб супрацьдзеяньні экстрэмізму" аб падставах уключэння ў спіс — бо няма прысуду, якім вызначана здейсненне чалавекам злачынства. Нават калі ёсць судовае рашэнне, дзе суд прыходзіць да нейкіх высноваў (напрыклад, пра нібыта даказанасць віны), гэтага недастаткова: згодна з прызумпцыяй невінаватасці, толькі ўступіўшым у сілу прысудам чалавек можа быць прызнаным вінаватым у здяйсненні злачынства. У адзначаных выпадках няма прысудаў, ёсць пастановы суду аб звальненні чалавека ад крымінальнай адказнасці».

Адзначым, што 4 чалавека з Берасцейскай вобласці, якія былі звольнены судом ад адказнасці па арт.369 КК (Абраза службовай асобы), гэта: 70-гадовая Мартыненка Антаніна Дзмітрыеўна з Кобрына, 41-гадовы Астапук Алег Афанасьевіч з Драгічына, 47-гадовая Кузьміч Алена Мікалаеўна з Пінску, 35-гадовы Карасцялёў Раман Віталлявіч з Берасця. Усіх іх МУС лічыць «асобамі, датычнымі да экстрэміскай дзейнасці», нягледзячы на тое што суд не прызнаваў іх вінаватымі па «экстрэмісцкіх» крымінальных артыкулах.
Made on
Tilda