Пра людзей

«З такім патэнцыялам і людзьмі я бачу, што Беларусь ідзе ў патрэбным накірунку»

Аляксандр Антанюк (таксама вядомы як Леў) адпрацаваў у ворганах амаль 10 год, мае 2 вышэйшыя адукацыі. У студзені 2023 года ён скончыў адбываць тэрмін у паўтары гады калоніі па «карагоднай справе» (пры фактычнай адсутнасці доказаў).

На судзе разбіраў памылкі следства па ягонай справе ды папярэдзіў суддзю, што пераслед грамадзян за публічную крытыку — гэта крымінальнае злачынства згодна з бягучым заканадаўствам (артыкул 197 Крымінальнага кодэкса).

Пакаранне адбываў у папраўчай калоніі №3 («Віцьба»). Пасля вызвалення ён з'ехаў з Беларусі.
Пагутарылі з экс-следчым Антанюком аб тым, што ён зразумеў падчас зняволення:
«Людзі ў калоніі і пасля яе губляюцца ў грамадстве. Чалавека немагчыма выправіць і перавыхаваць у 30 год. Перавыхаванне ў калоніях робіцца метадам падаўлення асобы. Гэта сістэма існуе ўжо даўно, але мала на гэта звярталі ўвагу. З-за таго, што падзеі 2020 года ахапілі шмат людзей, якія далёка ад крыміналу, людзі ўбачылі ўсю памылку такой сістэмы знутры, ім прасцей потым будзе гэта мяняць, бо яны ведаюць, у чым проблема не са слоў».
«У большасці палітзняволеных была дастойная праца і кар'ера, ім было, што губляць. Цікава, што рабочых, якія працавалі за 500-600 рублёў не было, ім усё нармальна. Таксама ахоп і ўзрост палітзняволеных. Узрост: у асноўным гэта нават старэй за 30 год, то-бок не скажаш, што выйшлі падлеткі. Ахоп: ад участковага, следчага, адваката да бармэна, айцішніка і дальнабойшчыка».
«Я ўбачыў такіх людзей як я і запомню гэта надоўга. Дагэтуль я думаў, што толькі адзінкі могуць быць грамадзянскай супольнасцю. Лета-восень 2020 усё змянілі. Я ўбачыў, што недарэмна я клаў на гэта свае жыццё, гэта шмат каму патрэбна».
«У нас ужо ёсць вопыт праходжання ціска ў турме, дагэтуль і 10 содняў прасядзець было доўга, а зараз людзі сталі духоўна мацней».
«Аўтарытарныя рэжымы праходзілі многія краіны (Латвія — Карліс Улманіс, Летува — Антанас Смятона, Эстонія — Пятс, Польшча — Ярузельскі), і мы пройдзем і перажывем. І будзе беларусам панаванне там, дзе сёння плача дзед».
Made on
Tilda