31 студзеня 2023 года пачаўся новы суд над палітвязнем Уладзімірам Гундарам. Баранавіцкага актывіста з інваліднасцю (няма нагі) абвінавачваюць па арт.369 Крымінальнага Кодэкса (Абраза службовай асобы пры выкананні ёю службовых абавязкаў). Суд праходзіць у Ленінскім судзе Горадні.
Абражанай аказалася пракурорка па справе «групоўкі Аўтуховіча» Людміла Герасіменка. Згодна з абвінавачваннем, падчас таго судовага працэсу Гундар публічна абразіў супрацоўніцу пракуратуры.
Як яшчэ раней меркавала жонка Уладзіміра Гундара Алена, гэта адбылося, напэўна, тады, як Уладзіміра прынеслі распранутым да майткаў на працэс. Ён быў такі абураны і разнерваваны, так крычаў, што немагчыма было нешта разабраць у яго словах.
Вядзе працэс вядомая ў Гародні суддзя Алена Пятрова. Яна вынесла немала палітычна матываваных прысудаў.
На першы дзень новага суда над Гундарам не з'явіліся ні пацярпелая, ні сведкі. Усе яны аказаліся занятымі. Ад самой Людмілы Герасіменкі і яе калегі былі паведамленні пра занятасць. А іншыя сведкі — ахоўнікі, якія прысутнічалі на судзе — проста не прышлі і ўсё.
Спачатку зачыталі абвінавачванне. Абвінавачаны Гундар адмовіўся ад дачы паказанняў, скарыстаўшыся арт.27 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (гарантуе права не сведчыць супраць самога сябе). Ён сказаў, што не лічыць сябе вінаватым і яму няма пра што гаварыць. Суд з раніцы доўжыўся крыху больш за паўгадзіны.
Працэс працягнуўся ў 14:30 і таксама доўжыўся крыху больш паўгадзіны. Сведкаў зноў не было. Суддзя сказала, што будзе іх выклікаць на наступны дзень.
Нягледзячы на тое, што апытваць не было каго, суд працягнуўся. Увесь час зачытваліся паперы з справы. У першай названы ўсе прысутныя на працэсе, дзе нібы прагучала абраза, уключаючы 12 абвінавачаных па справе Аўтуховіча і іх адвакатаў, прысутных на судзе родзічаў. Другая папера — гэта судова-медычная псіхіятрычная экспертыза, з якой вынікае, што Гундар не наркаман, не алкаголік, псіхічна здаровы, адказны за свае дзеянні. Трэцяя папера была незразумелая, пра пошукі ў зале прадметаў, якія б дапамаглі абвінавачванню (праўда, нічога не знайшлі, а якія прадметы шукалі, не агучвалася на судзе). Ну і чацвёртая папера — гэта характарыстыка Гундара ад начальніка СІЗА турмы №1. Згодна з характарыстыкай, Гундар нібыта не падпарадкоўваецца ніякім законам і правілам, якія ўстаноўлены ў СІЗА, запальчывы, 7 разоў адбываў пакаранне ў карцары. Хаця на свабодзе Уладзімір быў клапатлівым мужам і бацькам, спагадлівым і добрым, адзначаюць блізкія Гундара.
На першым дне працэса суддзя аб'явіла, што справа працягнецца 1 лютага. Там будуць паўторна выкліканы сведкі. Але судовае рашэнне будзе аб'яўлена пасля разгляду апеляцыйнай скаргі па асноўнаму прысуду па справе Аўтуховіча.
Пакаранне па 369 артыкуле да трох гадоў зняволення. Але яно наўрад ці моцна паўздзейнічае на асноўны тэрмін 18 гадоў калоніі строгага рэжыму па справе «групы Аўтуховіча» за нібыта намер захапіць уладу ў 2020 годзе ўзброеным чынам і нават да ліквідацыі Лукашэнка. А яшчэ раней, 20 мая 2021, Гундар быў асуджаны ужо да 3 год калоніі за нібы гвалт над службовай асобай.
Па артыкулу 369 Крымінальнага Кодэкса таксама будзе адказваць і другі асуджаны па справе Аўтуховіча — Павел Рэзановіч.