Судовыя паседжанні

У Гародне вынеслі прысуд "групе Аўтуховіча"

Сярод 12 абвінавачаных 6 чалавек з Берасцейшчыны

Верхні радок: сям'я Рэзановічаў. Ніжні радок: злева сям'я Мельхераў, справа Гундар.

З траўня 2022 года наўпрост у гарадзенскай турме судзілі так званую "групу Аўтуховіча". І 17 кастрычніка суддзя Максім Філатаў абвясціў ім прысуды. Так, жыхарам Берасцейскай вобласці прызначылі:
  • ️Сяргей Рэзановіч (бацька, праваслаўны святар) — 16 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму са штрафам 600 базавых велічынь (19 200 рублёў). Прызнаны вінаватым па ч.2 арт.285, ч.1 арт.14 і ч.2 арт.357, ч.1 арт.13 і ч.3 арт.295 КК, паведаміла БелТА. Разам з жонкай абвінавачваўся ў тым, што нібыта дапамагаў Мікалаю Аўтуховічу збіраць інфармацыю пра сілавікоў, у дачыненні да якіх той планаваў ці рабіў "акты тэрарызму". Яшчэ нібыта яны давалі жыллё "выканаўцам" злачынстваў, дзе тыя захоўвалі зброю.
  • ️Любоў Рэзановіч (жонка) — 15 гадоў калоніі агульнага рэжыму са штрафам 600 базавых велічынь (19 200 рублёў). Прызнана вінаватай па ч.2 арт.285, ч.1. арт.14 і ч.2 арт.357, ч.1 арт.13 і ч.3 арт.289, ч.4 арт.295 КК. Абвінавачвалася ва ўдзеле ў прэступнай групоўцы, замаху на захоп улады або замаху на яе ўтрыманне неканстытуцыйным шляхам, падрыхтоўка да злачынства ў выглядзе незаконных дзеянняў з агнястрэльнай зброяй, удзеле ў акце тэрарызма, паведаміла БелТА. Зрабіла гэтыя "злачынствы" тым, што нібыта дапамагала Мікалаю Аўтуховічу збіраць інфармацыю пра сілавікоў, у дачыненні да якіх той планаваў ці рабіў "акты тэрарызму". Яшчэ нібыта давала жыллё "выканаўцам" злачынстваў, дзе тыя захоўвалі зброю.
  • ️Павел Рэзановіч (сын) — 19 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму са штрафам 800 базавых велічынь (25 600 рублёў). Прызнаны вінаватым па ч.3 арт.285, ч.1 арт.14 і ч.2 арт.357, ч.1 арт.13 і ч.3 арт.289, ч.4 арт.295. Як і бацькі, абвінавачваўся ва ўдзеле ў прэступнай групоўцы, замаху на захоп улады або замаху на яе ўтрыманне неканстытуцыйным шляхам, прыгатаўленню да злачынства ў выглядзе незаконных дзеянняў з агнястрэльнай зброяй, удзеле ў акце тэрарызма, паведаміла БелТА. Паводле дзяржСМІ, нібыта выкарыстоўваў свае службовае становішча (працаваў на пасадзе кіраўніка сектарам адзелу прымусовага выканання Маскоўскага райну Берасця). Згодна з версіяй абвінавачвання, «атрымліваў з інфармацыйных рэсурсаў МУС дадзеныя, неабходныя для злачыннай дзейнасці» Мікалая Аўтуховіча, і перадаваў такія звесткі яму.
  • ️Уладзімір Гундар (баранавіцкі актывіст) — 18 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму са штрафам 800 базавых велічынь (25 600 рублёў). Прызнаны вінаватым па ч.1 арт.285, ч.1 арт.14 і ч.2 арт.357 КК (Стварэнне прэступнай групоўкі, замах на захоп улады або замах на яе ўтрыманне неканстытуцыйным шляхам), паведаміла БелТА.
  • ️Ірына Мельхер (маці) — 17 гадоў калоніі агульнага рэжыму са штрафам 700 базавых велічынь (22 400 рублёў). Прызнана вінаватай па ч.2 арт.285, ч.1 арт.14 і ч.2 арт.357, ч.1 арт.13 і ч.3 арт.289, ч.1. арт.342 Крымінальна Кодэксу (КК), паведаміла БелТА. Гэтыя артыкулы значаць: удзел у прэступнай групоўцы, замах на захоп улады або замах на яе ўтрыманне неканстытуцыйным шляхам, падрыхтоўка да акту тэрарызму. Да таго ж прызнана вінаватай па "карагоднай справе", што кваліфікавана як актыўныя дзеянні якія груба парушаюць грамадскі парадак.
  • ️Антон Мельхер (сын) — 2 гады 6 месяцаў калоніі агульнага рэжыму. К моманту суду абвінавачваўся толькі па "карагоднай справе", хаця раней яго падазравалі, як і іншых фігурантаў "групы Аўтуховіча", і па "тэрарыстычным" 289-м артыкуле. З-за "карагоднай справы" прызнаны вінаватым па ч.1 арт. 342 КК.

Астатнім суд даў: 25 год калоніі Мікалаю Аўтуховічу, анкахворай пенсіянерке Галіне Дзербыш 20 год калоніі са штрафам 700 б.в., актывістке Вользе Маёравай 20 год калоніі са штрафам 800 б.в., Ірыне Гарачкінай 6 гадоў 1 месяц зняволення і штраф памерам 300 б.в., Віктару Снегуру 19 год калоніі са штрафам 800 б.в., Павлу Саве 20 год калоніі са штрафам 700 б.в.

Як паведамляла БелТА, падчас суду Мікалай Аўтаховіч не прызнаваў віну, а пра іншых падсудных казаў: «Яны вінаватыя толькі ў тым, што былі са мной знаёмыя». Сам жа Аўтаховіч, па версіі абвінавачвання, у 2019 годзе стварыў рух (і аднаймённы тэлеграм-канал) «ДаВолi!», дзе нібыта «заклікаў да крывавага мецяжу»; у лістападзе 2020 года разам з паплечнікам Артурам Папко прывёз з Украіны зброю і выбуховыя рэчывы; рыхтаваў захоп улады ў Беларусі. Аўтуховічу прыпісваецца падпал дома і аўтамабіля ваўкавыскага міліцыянта Лутчанка, выбух машыны камандзіра гарадзенскага АМАПу Алега Седача.

Нагадаем, што падчас суду абвінавачаныя калектыўна заявілі пра ціск на іх з боку шэрагу службовых асоб. Пасля такіх гучных заяваў, 19 верасня адкрыты судовы працэс вырашылі зрабіць закрытым (і на яго не маглі патрапіць нават сваякі абвінавачаных). А на знак пратэсту супраць розных формаў ціску падсудныя неаднаразова аб'яўлялі галадоўку.
Made on
Tilda