Пра людзей

Творчасць як рэлаксацыя для экс-палітзняволенай Людмілы Рамановіч

Адна з работ Людмілы Рамановіч. Фота тут і далей: Фэйсбук жанчыны
Пенсіянерка з Палесся Людміла Рамановіч парадавалася на старонках Фэйсбуку тым, што нарэшце скончыла партрэт любімай дачушкі. Гэта была вельмі складаная работа. На вышыўку пайшоў год з паўтарагадовым перапынкам перабывання ў калоніі. Як падзялілася былая палітзняволеная з сябрамі, у няволі партрэт стаяў перад вачыма. Асабліва ў цяжкія моманты, калі здавалася, што смерць стаіць за спіной. Яна ведала, што ні старэнькая мама, якая вышывае да гэтага часу, ні дачка яго не закончаць, бо ніколі не вышывалі проста з фотаздымка. Калі вярнулася з калоніі, доўга не ляжалі рукі ні да якой працы. Але, зрабіўшы намаганні, спадарыня Людміла скончыла партрэт і цяпер ён ужо на сцяне ў дачкі ў Катавіцах.
Далей пачала дарабляць іншыя нескончаныя работы. З-пад яе рук выходзяць шыкоўныя карціны. Таксама вядома, што вышывальшчыца з дзяцінства Людміла Рамановіч, вышывае не толькі вельмі прыгожыя карціны прыроды, але і навалачкі, сурвэткі. Цяпер яшчэ з дрэва і эпаксіднай смалы, як сказалі яе блізкія людзі, робіць вельмі прыгожыя бралкі, малюнкі фарбамі па шкле. Інжынер па адукацыі, Людміла Рамановіч займаючыся сваім хобі, якое перайшло ад маці, бабуль і прабабуль, пакрысе набывае душэўную раўнавагу.
Нагадаем, што Людміла Рамановіч адсядзела тэрмін у паўтары гады калоніі з-за ліста ў Следчы камітэт. Да таго адкрыта выказала асуджэнне нападу Расеі на Украіну, асудзіла выкарыстанне беларускай зямлі для гэтага нападу.
Made on
Tilda