2 жніўня 2026 ў Варшаве беларусы правялі справаздачную акцыю перад 9 жніўня — чарговай гадавінай масавага супраціву дыктатуры ў 2020-м. Паводле арганізатара акцыі сябра Беларускай асацыяцыі палітвязняў «Да волі» Васіля Плешкунова:«За мінулы год было і добрае – выхад на волю многіх палітвязняў, але адначасова з чарговым парушэннем іх правоў: высылкай за мяжу. Таксама сумна, што мы не дасягнулі галоўнага — гэта перамогі. Але для гэтага мы выходзім што нядзелю, нягледзячы на надвор'е і жаданне адпачыць ад цяжкага працоўнага тыдня. Мы выходзім публічна агучыць нашу бяду, што ў краіне шэсць гадоў працягваюцца рэпрэсіі, пакутуюць людзі, ідзе ідэалагічнаяапрацоўка, мілітарызацыя выхавання ўзмацняецца, пачынаючы з дзіцячых садкоў. Мы ідзем выказаць салідарнасць з палітвязнямі, і яны гэта чуюць».
Выступоўцы ўспомнілі Рамана Бандарэнку, забітага сілавікамі, якому 1 жніўня споўнілася б 37 гадоў.
Кіраўнік Беларускай асацыяцыі палітвязняў «Да волі» Алег Кулеша ўспомніў беларускага рэвалюцыянера і патрыёта Міхала Валовіча, удзельніка паўстання 1830-31 гг., кіраўніка паўстання сялян на Слонімшчыне ў 1833 г., які быў павешаны 2 жніўня 1833 г. па загаду Мураўёва-вешальніка — кіраўніка расійскай царскай адміністрацыі.
Гаварылася таксама пра этнічныя канфлікты, якія сталі больш частымі ў Польшчы. Але ўдзельніца акцыі, экс-палітзняволеная, сябра Беларускай асацыяцыі «Да волі» Паліна Шарэнда-Панасюк упэўнена, што за імі стаяць агенты расейскага ўплыву: «Толькі ім на руку гэтыя канфлікты».
Берасцеец Аляксандр Сахарук расказаў пра створаны прафсаюз беларусаў у Варшаве, сябрам якога ён стаў.
Маладая ўдзельніца акцыі Яна Бобрык сказала, што яна выходзіла, выходзіць і будзе выходзіць, бо на акцыі можна выказаць свае думкі, чаго нельга было ў Беларусі, і тут ёсць воля.