Навіны

Пасадзілі за сторыз пра «маскалёў»

Ганна Курыс у Літве, снежань 2025 года. Крыніца фота: Радыё Свабода
Як распавяла 23-гадовая экс-палітзняволеная Ганна Курыс у невялічкім інтэрв'ю Радыё Свабода, яе затрымалі ў 2023 годзе спярша па адміністрацыйнай справе. Але калі сілавікі атрымалі доступ да яе тэлефону, то пачалі вывучаць гісторыю сторыз у Instagram — і там, сярод іншага, знайшлі фота з тэкстам пра «маскалёў». Тая фраза гучала так:

«Ты бяжы, маскаль пракляты, з беларускай нашай хаты».

Гэта ў 2024 годзе падвялі пад артыкул «распальванне варожасці». І Ганну Курыс, маладую дзяўчыну з Баранавічаў, асудзілі да калоніі.
Плакат на акцыі 6 кастрычніка 2019 у Менску. Арыгінал: Радыё Свабода
Нагадаем, што аналіз гэтай фразы сілавікі ўжо рабілі. І раней яны не бачылі ў ёй праблемы. Бо ў 2019 годзе ў Беларусі адбываліся пратэсты супраць інтэграцыі з РФ. І ў кагосьці з пратэстоўцаў быў плакат з поўнай версіяй гэтага выразу: «Ты бяжы, маскаль пракляты, з беларускай нашай хаты — Ты бяжы аж да Крамля, меней будзе маскаля». Знайшліся людзі, якія падалі заяву ў міліцыю на ўзбуджэнне крымінальнай справы. Але ў 2019 годзе міліцыянты адмовіліся ўзбуджаць крымінальную справу па артыкуле «распальванне варожасці». Тады пазіцыяй сілавікоў было: «слова "маскаль" не адносіцца да канкрэтнай нацыянальсці, таму няма падстаў для прыцягнення дэманстранта да адказнасці».

Нагадаем, што Ганну Курыс асудзілі па 4 крымінальных артыкулах да 2 гадоў калоніі. Ёй закідвалі «абразу Лукашэнкі», «Дыскрэдытацыю Беларусі», «Здзек з дзяржсімвалаў» і «Распальванне варожасці» (арт.368, арт.369-1, арт.370, арт.130 КК). Яе справу праваабаронцы прызналі палітычна матываванай, а яе саму — палітзняволенай. Дзяўчыну датэрмінова адпусцілі з калоніі 13 снежня 2025 і прымусова выслалі з Беларусі ва Ўкраіну.
Made on
Tilda