Уладзімір Гундар адмовіўся ад праслухоўвання аўдыязапісу справы
Каб яго не распраналі кожны раз, як гэта было і на судзе
На прысуд «групоўкі Аўтуховіча» была пададзена апеляцыйная скарга. У межах гэтага асуджаных па справе водзяць праслухоўваць аўдыё па справе (каб яны маглі падрыхтаваць заўвагі).
Але ж палітзняволены Уладзімір Гундар адмовіўся ад праслухоўвання аўдыё і напісаў аб гэтым заяву адміністрацыі. Заява была прынята. Гундар заняў прынцыповую пазіцыю, бо перад паходам на праслухоўванне іх кожны раз раздзяваюць і абшукваюць. Супраць чаго падчас разгляду судовай справы Гундар ужо пратэставаў.
Аднойчы яго прынеслі ў памяшканне Гродзенскай турмы, дзе праходзіў суд, у адных майтках. За адмову перад судовым пасяджэннем кожны раз раздзявацца дагала для вобшуку і прасвечвання рэнтгенам адзення Уладзімір быў нават змешчаны ў ШІЗА. Каб пазбегчы чарговага прыніжэння і гвалту, палітвязень адмовіўся праслухоўваць аўдыязапісы. Тым больш, што яму цяжка ісці на мыліцах і стала балець спіна. Пасля 4 уколаў дыклафенаку боль сцішыўся, але ненадоўга.
Здароўем Уладзімір пахваліцца не можа. На Новы год перахварэў ці то грыпам, ці нейкім іншым інфекцыйным захворваннем. У камеры шмат чытае і піша свае вершы-складанкі. З перадачамі ўсё ў парадку, кажа яго жонка Алена Гундар.
Нагадаем, што Уладзімір Гундар мае інваліднасць (няма адной нагі). Ён пакараны 18 гадамі калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штрафам у 800 базавых. Акрамя гэтага, палітвязень Гундар раней быў пакараны трыма гадамі калоніі агульнага рэжыму за нібыта пагрозу следчаму падчас вобшуку ў кватэры. Зараз яго чакае новая крымінальная справа: за нейкія нібыта абразлівыя словы ў бок пракуроркі Людмілы Герасіменка падчас судовага працэсу па «справе Аўтуховіча».