Судовыя паседжанні

Другі дзень суда над палітвязнем Гундарам

Сведкі з'явіліся, абражаная пракурорка — не
Пракурорка Людміла Герасіменка. Скрыншот відэа «Гродненскай праўды»
1 лютага 2023 года ў Ленінскім судзе Горадні прайшоў другі дзень вось ужо трэцяй крымінальнай справы палітвязня, інваліда 2 групы без нагі Уладзіміра Гундара. Яго судзяць за нібыта абразу пракуроркі Людмілы Герасіменкі — менавіта яна ўдзельнічала ў судовым працэсе па так званай справе «групоўкі Аўтуховіча». Справу вядзе гарадзенская суддзя Алена Пятрова, спрактыкаваная ў судах над палітычнымі.

На другі дзень суда выступілі сведкамі супрацоўнікі гарадзенскай турмы, якія прысутнічалі на тым самым судзе (падчас таго, як Гундар нібыта абразіў пракурорку). Усе яны гаварылі як пад капірку, іх сведчанні былі аднолькавымі з тым, што прачытала суддзя ў першы дзень суда. Сама пацярпелая, пракурорка Людміла Герасіменка, і яе калега на суд так і не з'явіліся — моцна занятыя, як паяснілі яны ў сваіх заявах у суд. Была агалошана лінгвістычная экспертыза: абразлівыя словы з'яўляюцца літаратурнымі, але сказаныя ў адрас канкрэтнай асобы могуць быць успрыняты як абраза. Другі судовы дзень па справе Гундара доўжыўся гадзіну.

Вырак будзе агучаны пасля апеляцыйнага разгляду па справе «групоўкі Аўтуховіча». Па якой Гундар пакараны 18 гадамі зняволення ў калоніі строгага рэжыму.
Уладзімір Гундар да зняволення. Выкарастана фота Радыё Рацыі
Нагадаем, што гэта трэці суд палітвязня Уладзіміра Гундара ад дня арышту. Першы суд над ім адбыўся ў траўні 2021 года. Яго вінавацілі паводле арт.366 (гвалт у дачыненні да службовай асобы) за нібыта пагрозы сілавікам падчас вобшуку ў яго дома. Берасцейскім абласным судом Гундар тады быў пакараны трыма гадамі калоніі агульнага рэжыму. Другі суд адбыўся ў траўні-кастрычніку 2022 года, з улікам папярэдняга тэрміну Гундару прызначылі 18 год калоніі. І трэці суде ідзе з 31 студзеня 2023 па арт.369 (Абраза службовай асобы пры выкананні ёю службовых абавязкаў).

Чытайце далей:
Made on
Tilda