Навіны

Палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк дзячыць ўсім за падтрымку

Паліна Шарэнда-Панасюк разам са сваім мужам і дзецьмі. Фота: Белсат
За тры месяцы знаходжання ў гомельскім СІЗА, выключаючы моманты вывазу яе ў рэчыцкі раённы суд, Паліна атрымала больш за сто грашовых пераводаў, а таксама да яе прышло каля 50 пасылак і бандэроляў. Такую каласальную падтрымку бачаць не толькі простыя зняволеныя, а бачыць гэта і адміністрацыя СІЗА, якая вымушана ставіцца да Паліны па-іншаму: не дапускаць у дачыненні да палітзняволенай здзекаў і прававога бязмежжа. Гэта надае моц фізічна знясіленай Паліне. Аб гэтым стала вядома пасля нядаўняй сустрэчы маці з Палінай, кажа муж Паліны Андрэй Шарэнда.

Сумна тое, што за апошнія паўтара месяца ні ад Паліны, ні да Паліны не прыйшло ні воднага ліста. Заказныя знішчалі пры Паліне, простыя выкідаюцца без яе ведама.
Не дайшлі таксама заказныя лісты з фотакарткамі сыноў Паліны, якіх яна не бачыла ўжо тры гады.
Нагадаем, што 15 снежня 2023 адбудзецца разгляд яе апеляцыйнай скаргі. Але ў сваякоў, як звычайна, ніякага спадзявання на нейкае станоўчае рашэнне. А пасля гэтага для Паліны пачнецца чарговы год сурка, то-бок паўтораны год зняволення па арт.411 – нібы злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі. А яшчэ Паліна просіць працягваць змаганне, каб дамагчыся вызвалення краіны, інакш пакуты палітвязняў будуць бессэнсоўнымі.

Палітзняволеная з Берасця Паліна Шарэнда-Панасюк знаходзіцца ў няволі з 3 студзеня 2021 г.
Made on
Tilda