Судовыя паседжанні

Паліну Шарэнду-Панасюк пакаралі 1 годам і 3 днямі калоніі за «злоснае непадпарадкаванне»

Паліна Шарэнда-Панасюк. Фота: асабісты архіў сям'і Шарэндаў
9 кастрычніка 2023 суддзя Станіслаў Іванюценка агучыў чарговы прысуд палітзняволенай Паліне Шарэндзе-Панасюк: 1год і 3 дні.
— Рашэнне суддзі выглядае даволі цынічна. Яму стала мала максімальнага тэрміну па ч.1 арт.411 Крымінальнага кодэкса РБ — 1 год, то ён яшчэ дадаў 3 дні, якія Паліна не паспела адбыць па мінуламу пакаранню ад 4 да 6 жніўня гэтага года, калі яе перавялі з Рэчыцкай калоніі №24 у СІЗА №3 Гомеля, — расказаў Берасцейскай Вясне муж Паліны Андрэй Шарэнда.
Па словах Андрэя, на судзе Паліна вяла сябе мужна і цвёрда, хаця было відаць, што фізічна гэта ёй даецца даволі нялёгка. Яна выглядае змучанай і стомленай, вельмі бледная, вочы чырвоныя ад нечалавечых бытавых умоў у Рэчыцкім ІЧУ. Ёй так і не выдалі пасцельныя прыналежнасці, працягвае спаць на падлозе. У яе няма цёплага адзення. Толькі тое, у чым яе забіралі з калоніі пры тэмпературы +25. Перадачу ад маці з цёплымі рэчамі не прынялі.

У сваім апошнім слове Паліна параўнала тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі, з паўстаннем Кастуся Каліноўскага 1863-64 гадоў. Паўстанне пацярпела паразу. Паўстанцаў каго катавалі, каго адправілі пад шыбеніцу, каго ў Сібір, а хто вымушаны быў пакінуць Радзіму. Нягледзячы на паразу паўстання Каліноўскага, яно стала падмуркам для нацыянальнага адраджэння некалькіх народаў — Беларусі, Польшчы і Літвы. З цягам часу ўсе паўстанцы сталі нацыянальнымі героямі, а імёны іх катаў назаўсёды пакрыліся ганьбай. Па словах Паліны, паўстанне 2020 года таксама на стадыі паразы, але палітзняволеная выказала ўпэўненасць, што перамога ўсё роўна будзе за сучаснымі паўстанцамі. І яны стануць нацыянальнымі героямі, а іх каты паўстануць перад Міжнародным судом. Яна некалькі разоў падкрэслівала, што ўсё, што робіцца ў гэтым судзе — супрацьзаконна, а менавіта тыя, хто вершыць гэтае беззаконне сёння, у хуткім часе паўстануць перад Міжнародным судом.

Неўзабаве Паліна Шарэнда-Панасюк да апеляцыі будзе пераведзена ў СІЗА №3 Гомеля.

Чытайце далей:
Made on
Tilda