Пра людзей

Экс-палітвязень Алег Кулеша распавеў, як сядзеў з Паўлам Рэзановічам

Пакуль усе былі ў адным СІЗА, маці з крыкамі спецыяльна вадзілі ля камер сына ды мужа
Павел Рэзановіч падчас суду. Паседжанне праходзіла наўпрост ў гарадзенскай турме. Фота grodnonews.by
Былы палітвязень Алег Кулеша распавёў пра палітвязня Паўла Рэзановіча ў сваіх сацсетках. Мы распыталі Кулешу падрабязней пра Паўла, палітвязня, якога асудзілі да 19 гадоў па «справе Аўтуховіча».

Кулеша доўгі час сядзеў у адной камеры з Паўлам у берасцейскім СІЗА №7. Там шмат гаварылі. Кулеша кажа, што пабачыў перад сабой адукаванага, сумленнага чалавека, па натуры спакойнага і вельмі сціплага. Павел вельмі любіў і паважаў сваіх бацькоў, якія сядзелі ў суседніх камерах. І моцна перажываў за іх здароўе.
«Калі па калідоры [берасцейскага СІЗА] вадзілі маці Паўла Любоў, яна крычала так, што было чутно на ўвесь ізалятар. Павел кожны раз вельмі эмацыйна рэагаваў на гэта, за што яго некалькі разоў кідалі ў ШІЗА», — адзначаў Алег Кулеша ў сваім Фэйсбуку.
Тое ж самае адбывалася і ў гарадзенскай турме, дадалі чытачы пад публікацыяй Кулешы. Усе, хто чуў лямант Любові Рэзановіч, «перажывалі "заварот душы" разам з Сяргеем і Паўлам. гэта было іншы раз невыносна».

І сам Алег Кулеша адзначае:
«У мяне [дагэтуль] ў вушах яе лямант стаіць:
— Вырадкі, я не вінавата ні ў чым. Сярожка, Паўла, прабачце мяне за ўсё...»
Са слоў Кулешы, калі Любоў вось так крычала, то Павел увесь сціскаўся, нібы катавалі і яго разам з маці. А следчыя ведалі гэта і выводзілі маці ў калідор, вадзілі ля іх камеры. Калі з маці рабілася істэрыка і яна выла як ваўчыца, то Павел пачынаў біць нагамі па кратах дзвярэй. Дзверы ў камеру адразу адчыняліся, і яго забіралі ў калідор і кідалі на 3-4 дні ў карцар. І гэта працягвалася безліч разоў, успамінае Кулеша. Такім чынам разам з маці катавалі і Паўла з бацькам.
Любоў Рэзановіч падчас суду трымалі ў асобнай клетцы-«стакане». Фота sb.by
А аднойчы, калі Паўла вазілі на допыты ў КДБ, ён паведаміў Алегу, што у кабінеце кэдэбіста не было чырвона-зялёных сцягоў, а быў толькі расійскі сцяг і партрэт Пуціна. Павел здзівіўся, не вытрымаў і спытаў: «А дзе ж ваш дзяржаўны сцяг?» Той пакорпаўся ў шуфлядцы стала, выняў чырвона-зялёны сцяжок і паставіў са словамі: няхай пастаіць, пакуль ты тут, усё роўна гэта ўжо ўсё скончана. Затым паклаў перад ім некалькі аркушаў паперы з рознымі артыкуламі і сказаў: «Выбірай, па якіх ты будзеш сядзець». Павел успомніў артыкул 342, пра які гаварыў Алег і што па ім больш, чым 3 гады не даюць, паказаў. На што кэдэбіст сказаў: «Э не», і выкрасліў усе артыкулы да 8 гадоў.

Павел не пагаджаўся з абвінавачваннямі і расказаў Алегу пра вобшук у яго дома. Паўла забралі з працы і прывезлі дадому, адкрылі багажнік яго аўтамабіля, які стаяў у двары, а там ляжалі падкінутыя драўляныя муляжы аўтаматаў, такія ён бачыў у школе. Але гэта сышло за зброю, якой Павел разам з іншымі ўдзельнікамі збіраўся зрынуць Лукашэнку і захапіць уладу. Забралі каністры, маўляў, гэта таксама магло быць зброяй.

Павел як юрыст пісаў паўсюль скаргі пра беззаконне, якое адбываецца адносна яго, але, як стала вядома пазней, з СІЗА яны не выходзілі, іх проста знішчалі.

На самім судзе, як пісала «Вясна», Павел казаў пра фізічны і псіхілагічны ціск, пад якімі даў паказанні падчас следства. Ён нават назваў імёны людзей, адказных за катаванні: следчы КДБ з Берасця Цярэшын, а таксама кіраўнік следчага аддзелу гарадзенскага КДБ Варанецкі. Як сцвярджаў палітвязнень, Цярэшын прыйшоў да яго з падрыхтаваным «сцэнаром» на 4 аркушы, якія Павел быў вымушаны падпісаць. Суддзя пытаўся, чаму ён, чалавек з юрыдычнай адукацыяй, такое падпісаў. А адказ быў наступным:
«Супрацоўнікі КДБ пагражалі мне арыштам жонкі, а па калідору ў той час вадзілі ды збівалі маю маці, я чуў яе крыкі. У такіх умовах і не такое падпішаш».
Паўла Рэзановіча асудзілі да 19 гадоў калоніі строгага рэжыму і вялікаму штрафу. А зараз збіраюцца перавесці ў турму.

Гэта ўжо другі палітвязень, асуджаны па «справе Аўтуховіча», якому мяняюць калонію на турму. Раней адправілі ў турму баранавіцкага актывіста Ўладзіміра Гундара. А ў Паўла Рэзановіча суд па замене рэжыму адбудзецца 30 кастрычніка 2023 г.

Чытайце таксама:
Made on
Tilda