Тэрмін Паліны Шарэнды-Панасюк можа стаць бясконцым
Як распавядае Андрэй Шарэнда, яго жонка палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк лічыць сябе не зняволенай, а закладніцай, тэрмін за кратамі якой можа падаўжацца бясконца. Зараз Паліна сядзіць ў гомельскім СІЗА. Дзе па закону ва ўтрыманні ўсё павінна быць вальней, чым у калоніі. Але катаванні працягваюцца. Сувязі з сям'ёй няма. Ні ў траўні, ні ў чэрвені перадачу ад родных не ўзялі з-за правакацый супрацоўнікаў СІЗА. Так у траўні і чэрвені нібыта нехта прынёс па 30 кілаграмаў морквы сумніўнай якасці. Такім чынам быў вычарпаны ліміт на перадачы. Пасылкі можна адпраўляць, але ў спякоту мала што карыснага з ежы можна палажыць. Напрыклад, паслалі пасылку, атрымана інфармацыя, што пасылку з пошты забралі. А калі яе атрымае Паліна – невядома. Бывае, правяраюць тыдзень-два.
Паводле ўскосных дадзеных, выгляд у Паліны як у нездаровага чалавека. Яна вельмі просіць сям'ю, сяброў, праваабарончыя арганізацыі дапамагчы ў яе вызваленні. Сама яна кажа, што прыкладала ўсе намаганні для свайго вызвалення. Яна выконвала ўсе патрабаванні да палітзняволеных, не парушала правілаў калоніі, але падобна на тое, што рэжым не збіраецца адпускаць яе з сваіх кіпцюроў.
Зараз Паліна павінна прайсці псіхолага-псіхіятрычную экспертызу па патрабаванню следчага. Для Паліны гэта будзе чацвёртая псіхолага-псіхіятрычная экспертыза. Хаця ранейшыя экспертызы паказалі, што яна абсалютна здаровы чалавек у псіхіятрычным плане, пра што ёсць даведка з Рэспубліканскага цэнтра псіхічнага здароўя «Навінкі».
Нагадаем, што Паліне Шарэндзе-Панасюк пагражае ўжо трэцяя крымінальная справа па артыкуле 411 (Злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі). Хаця першапачаткова Паліна Шарэнда-Панасюк была асуджана да 2 гадоў калоніі — яна адбыла ўжо 4 гады пазбаўлення волі (двойчы ёй дадавалі па году менавіта па арт.411 КК). Так ставіцца цяперашняя ўлада да маці двух непаўнагадовых хлопчыкаў, якая, па сутнасці, нічога крымінальнага не здзейсніла.