Навіны

Паліне Шарэндзе-Панасюк прад'яўлена новае абвінавачванне

Ізноў артыкул 411
Паліна Шарэнда-Панасюк. Фота: асабісты архіў сям'і Шарэндаў
Ужо трэці раз палітзняволеную будуць судзіць па арт.411 Крымінальнага кодэкса (Непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі). У калонію прывезлі дзяжурнага адваката і было выстаўлена абвінавачванне. Паводле мужа Паліны Андрэя Шарэнды, пачынаючы з Новага году Паліна мела 8 спагнанняў. І можна зрабіць вывад, што 8 разоў яна былла змешчана ў ШІЗА і нават паспела пабываць у ПКТ (памяшканні камернага тыпу). Тры разы змяшчалі ў ШЫЗА ужо пасля таго, як знялі «пакаяльнае відэа». Таму і не было з Палінай увесь час перапіскі. Толькі пасля відэа яна прыслала сціпленькую паштовачку да маці, дзе было напісана, што хутка ўбачацца.

Паводле Андрэя Шарэнды, улады здзекуюцца не толькі з Паліны, але і з родных. Маці Паліны два разы выклікалі ў калонію і апошні раз на мінулым тыдні, каб яна падпісала паперы, што згодна прыняць Паліну ў сябе пасля вызвалення. Плюс да таго ў Паліны быў суд, які прыняў рашэнне аб прэвентыўным наглядзе пасля вызвалення. Але подласць з боку праваахоўнай сістэмы на гэтым не скончылася. Маці Паліны, знаходзячыся ў Гомелі, вырашыла занесці ёй перадачу. Але ў перадачы адмовілі, нібы з той прычыны, што ёй ўжо перадалі перадачу цэлых 30 кілаграмаў. То-бок Паліна цэлы месяц застанецца без перадач. Горш усяго будуць траўмаваны дзеці, бо яны моцна радаваліся, што мама хутка будзе на волі. Зараз дзеці прышлі са школы, сядзяць на вуліцы, а ён не ведае, як ім сказаць гэтую страшную навіну.

Гісторыя з Палінай, на думку Андрэя, чарговы раз паказала, што нельга верыць ілжывай уладзе дыктатара і што больш вядомыя беларусы не выйдуць на волю, пакуль Лукашэнка будзе пры ўладзе.

Нагадаем, што палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк была затрымана 3 студзеня 2021 і з таго часу ўвесь час знаходзіцца ў няволі. Два разы ёй ужо працягвалі тэрмін па арт.411 КК. Апошні тэрмін мусіў скончыцца 21 траўня 2024 года, але ў дзень вызвалення родныя даведаліся, што Паліна знікла з калоніі. Як пазней апынулася, яе змясцілі ў гомельскае СІЗА.
Made on
Tilda